Завершыўся візіт Анджэя Дуды ва Украіну
Вышэйшае кіраўніцтва Польшчы дэкларавала, што і надалей будзе падтрымліваць Украіну па ўсіх накірунках. Але ж цяпер гэтая падтрымка будзе мець куды больш канкрэтны характар.
Ці не галоўны плён перамоваў Пятра Парашэнкі і Анджэя Дуды – адкрыццё Варшавай для Кіева крэдытнай лініі на суму ў 1 міліярд еўра. Паводле словаў украінскага прэзідэнта, адпаведныя перамовы паміж Нацбанкамі Украіны і Польшчы ўжо адбыліся і ўсе дамоўленасці дасягнутыя.
Яшчэ адна добрая навіна для Кіева – польская дапамога ў 100 міліёнаў еўра для стварэння сумесных пунктаў пропуску на ўкраінска-польскай мяжы. Пётр Парашэнка заявіў пра намер стварыць на ўсіх пунктах пропуску адзіныя памежныя і мытныя органы.
Сярод іншых дамоўленасцяў лідараў Украіны і Польшчы – пагадненне пра кансультатыўную дапамогу ўкраінскаму бізнэсу для выхаду яго на еўрапейскія рынкі.
Падчас перамоваў былі закранутыя і няпростыя ўзаемаадносіны ўкраінцаў і палякаў у міжваенны час, а таксама падчас Другой Сусветнай вайны. З гэтай нагоды Анджэй Дуда заявіў літаральна наступнае: “Тая несправядлівасць, якая мела месца ў ХХ стагоддзі, не павінна кідаць цень на нашыя цяперашнія адносіны, але гаварыць пра гэта трэба. Адносіны павінны абапірацца на праўду”, – сказаў польскі прэзідэнт.
Візіт Анджэя Дуды ва Украіну стаў яго апошняй афіцыйнай замежнай паездкай сёлета.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя