Завяршаецца падача дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў



1 жніўня сканчаецца тэрмін падачы дакументаў для рэгістрацыі прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пасля падачы дакументаў акруговыя выбарчыя камісіі павінны да 11-га жніўня прыняць рашэнне пра рэгістрацыю або нерэгістрацыю заяўнікаў. Нягледзячы на  вялікую колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, шанец авалодаць ім для прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных структур і незалежных кандыдатаў застаецца на ўзроўні статыстычнай памылкі, лічыць Дзмітрый Кучук – вылучэнец ад Беларускай партыі “Зялёныя” па Смаргонскай выбарчай акрузе:

– Можна сказаць, што ва ўчастковыя камісіі не патрапіла большая частка кандыдатаў менавіта ад палітычных партый. І фактычна выбары, на мой погляд, не будуць праходзіць па дэмакратычных прынцыпах. Таму тое, што будзе нейкі вынік для дэмакратычных палітычных партый, зараз не падаецца рэалістычным.

Галоўнае, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў разнастайных палітычных партый і рухаў і матывуе іх браць удзел у выбарах – гэта жаданне выкарыстаць выбарчы працэс для данясення сваёй пазіцыі да шырокіх колаў грамадства.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by