Заяўку на “Чарнобыльскі шлях” сёлета падаваць не будуць



З-за пандэміі каронавіруса ў гэтым годзе ў Менску няма магчымасці правесці “Чарнобыльскі шлях”. Ён традыцыйна адбываўся ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая здарылася 26 красавіка 1986 года.

Па словах кіраўніка Беларускай партыі „Зялёныя” Змітра Кучука, шэраг дэмакратычных арганізацыяў і партыяў, тым не менш, рыхтуюць “Чарнобыльскі тыдзень” з рознымі анлайн-мерапрыемствамі:

– У гэтым годзе хутчэй за ўсё будзе адмена “Чарнобыльскага шляху”. Мы не будзем падаваць заяўку. Бо з-за каронавіруса нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы. За  ўсю гісторыю “Чарнобыльскага шляху” гэта будзе ўпершыню.

Але гэта не значыць, што гадавіна трагедыі забытая. Проста яе адзначэнне адбудзецца ў інтэрнет-прасторы і прыме іншыя формы, якія зараз распрацоўваюцца, – кажа Зміцер Кучук. Партыя рыхтуе заяву, у якой нагадае аб уроках трагедыі, з якіх, на жаль, высновы не былі зробленыя. Таму што будаваць новую Астравецкую АЭС у Беларусі, вобразна кажучы, на костках ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, забыўшы, што большая частка насельніцтва краіны пацярпела ад наступстваў той катастрофы, – гэта недапушчальнае кашчунства ў адносінах да грамадзянаў Беларусі, – кажа Зміцер Кучук.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск