Заяўнікі акцыі да Дня Волі абскардзяць у судзе адмову Менгарвыканкама
Заяўнікі акцыі, прымеркаванай да 103-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі), маюць намер абскардзіць адмову Менгарвыканкама выдаць дазвол на яе правядзенне, а таксама адмову сталічнай міліцыі заключыць дагавор аб гарантыях бяспекі на акцыі.
„Скаргі яшчэ рыхтуем, потым будзем падаваць. Пакуль не гатовыя сказаць, калі гэта будзе”, — паведаміў старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання „БНФ „Адраджэньне” Рыгор Кастусёў.
Ён падкрэсліў, што „ва ўмовах забароны масавай акцыі кожны грамадзянін самастойна вырашае, якім чынам яму адзначыць святочную дату ў прыватным парадку ці ў коле сяброў і паплечнікаў”.
„Безумоўна, мы не згодныя з забаронай акцыі, лічым яе беспадстаўнай і незаконнай — скаргі ў суды на незаконныя дзеянні ГУУС Менгарвыканкама і на самое рашэнне ўладаў пра забарону акцыі будуць пададзеныя неадкладна. Але, на жаль, іх разгляд адбудзецца ўжо пасля 25 сакавіка”, — дадаў палітык.
Заяўка на правядзенне Дня Волі з удзелам 30 тысяч чалавек была пададзеная ў Менгарвыканкам 9 сакавіка
Беларускае Радыё Рацыя