Заяўнікі „Чарнобыльскага шляху” чакаюць адказу ад уладаў



Ад беларускіх уладаў чакаць можна чаго заўгодна. Кажа адзін з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху 2018», акцыі, якая 26 красавіка запланаваная ў Менску. Заяўка на правядзенне шэсця на стале сталічных уладаў, – кажа старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, а вось як улады сябе павядуць і ці дазволяць яе – прадказваць цяжка.

Асабліва пасля ўдалай акцыі 25 сакавіка і на фоне заяваў Аляксандра Лукашэнкі, што несанкцыянаваныя мерапрыемствы можна разганяць. Арганізатары спадзяюцца, што менскія ўлады дазволяць «Чарнобыльскі шлях». Удакладняе Юрась Губарэвіч:

– Фармат акцыі такі ж самы, як і ў папярэднія гады. Гэта збор на пляцоўцы ля Акадэміі навук і шэсце па дазволеным раней маршруце да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў. Таму я не думаю, што тут мы можам чакаць нейкія неспадзяванкі ад уладаў горада Менска. Заяўка ляжыць на стале ў Менгарвыканкаме, і я думаю, што ў іх інтарэсах разглядзець яе як мага раней, каб не было парушэння заканадаўства.

Заяўку падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацый, якія ўвайшлі ў аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху». Гэта штогадовая масавая вулічная акцыя апазіцыі, прымеркаваная да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ад якой найбольш пацярпела Беларусь.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя