Менгарвыканкам адмовіў у правядзенні «Чарнобыльскага шляху» (абноўлена)



Менгарвыканкам адмовіў арганізатарам у правядзенні «Чарнобыльскага шляху», паведаміў TUT.BY кіраўнік партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

У сваім адказе на заяўку арганізатараў Менгарвыканкам назваў некалькі прычын для адмовы: адсутнасць дамоваў з міліцыяй, хуткай і камунальнікамі, маршрут шэсця, які на думку ўладаў, не адпавядае патрабаванню закона, арганізатары нібыта да атрымання адказу ад уладаў агучылі маршрут і час збору ўдзельнікаў, што забаронена законам, і, вядома, COVID-19.

* * * 

Заяўнікі „Чарнобыльскага шляху” ў Менску пакуль не атрымалі адказу з Менгарвыканкама, – дазволена ці не гэтае мерапрыемства. Хаця па законе такі адказ ужо павінен быць дадзены. 

Замест гэтага з боку гарадскіх уладаў нейкія незразумеля гульні, – кажа старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” і адзін з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху” Зміцер Кучук:

– Менгарвыканкам заняў такую пазіцыю, што ўчора ўвечары адправіў “Белпоштай” лісты нам, як заяўнікам акцыі “Чарнобыльскі шлях”. І ў той жа час не хоча прадубляваць і прыслаць адказ на электронную пошту. Не ведаю, з чым гэтая пазіцыя звязана: ці проста не ўмеюць карыстацца электроннай поштай, ці нейкія іншыя прычыны. Але пакуль чакаем, калі “Белпошта” справіцца з гэта заяўкай. Тады будзем ведаць вынік.

Зміцер Кучук лічыць, што гэтая сітуацыя не звязана з затрыманнем КДБ аднаго з заяўнікаў „Чарнобыльскага шляху”, старшыні Партыі БНФ  Рыгора Кастусёва.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск