Заява БАЖ і Беларускага ПЭН-цэнтру з нагоды прысуду Марыне Золатавай
4 сакавіка суд Заводскага раёна Менска пакараў галоўную рэдактарку самага папулярнага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY Марыну Золатаву штрафам у 7 650 рублёў паводле абвінавачання ў бяздзеянні службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса) і спагнаў на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6 000 рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.
Марына Золатава — адзіная асоба, крымінальная справа якой была перададзена ў суд па так званай “справе БелТА”. Астатнія фігуранты справы (не менш за 14 чалавек), якія абвінавачваліся ў несанкцыяваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва (ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса), былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам да выплаты кампенсацый дзяржаўным медыям БелТА і “СБ.Беларусь сегодня”. Памер кампенсацыі вызначаўся па методыцы, якую нельга прызнаць справядлівай і абгрунтаванай.
ГА “БАЖ” і РГА „Беларускі ПЭН-цэнтр” ад пачатку звязвалі так званую “справу БелТА” з ціскам на свабоду слова. Ператрусы ў кватэрах журналістаў і рэдакцыях, кароткачасовыя затрыманні журналістаў і рэдактараў (пераважна — жанчын), адабранне прафесійнай тэхнікі, неабходнай для працы журналістаў і рэдакцый падчас папярэдняга следства па крымінальнай справе, выглядалі яўна празмернымі і накіраванымі на запужванне журналісцкай супольнасці.
Падчас судовага працэсу стала вядома пра праслухоўванне тэлефоных размоў Марыны Золатавай і некаторых журналістаў задоўга да ўзбуджэння крымінальнай справы. Шэраг журналістаў у судовым працэсе заявілі, што супрацоўнікі Следчага камітэту аказвалі ціск на іх падчас допытаў з мэтай атрымаць паказанні супраць Марыны Золатавай.
Само абвінавачанне ў бяздзейнасці службовай асобы выглядае спробай прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці любымі сродкамі. Пра палітычны характар пераследу сведчаць і празмернасць асабістага дагляду прысутных падчас разгляду судовай справы у будынку суда.
ГА “БАЖ” і РГА ”Беларускі ПЭН-цэнтр” заклікаюць улады Беларусі:
– неадкладна спыніць непрапарцыйнае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у працу журналістаў і недзяржаўных СМІ;
– прыняць меры для адмены прысуду Марыны Золатавай і вызваліць яе ад крымінальнай адказнасці.
Мы ўпэўненыя, што жорсткія меры супраць журналістаў, якія праходзілі па “справе БелТА”, не паўплываюць на рэдакцыйную палітыку незалежных медыяў.
4 сакавіка 2019 года
ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў” РГА „Беларускі ПЭН-цэнтр”
Паводле прэс-рэлізу
Фота: Новы Час