Заява Партыі БНФ з нагоды смерці сябры Сойму БНФ Вітольда Ашурка
Партыя БНФ выступіла з заявай з нагоды заўчаснай смерці за кратамі палітзняволенага, сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка.
Партыя патрабуе праверкі ўмоваў утрымання ў Папраўчай калоніі №17 і расследавання абставінаў смерці сябры свайго кіруючага органа. З гэтай мэтай партыя звяртаецца ў структуры МУС, пракуратуру, а таксама заклікае прыцягнуць да расследавання беларускую грамадскасць (у тым ліку праваабарончыя арганізацыі і грамадскія назіральныя камісіі пры органах юстыцыі) з запрашэннем міжнародных экспертаў са складу нядаўна прызначанай Місіі Офіса Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека па ўстанаўленні фактаў, што заснаваная рэзалюцыяй 46/20 Савета ААН па правах чалавека. У заяве падкрэсліваецца, што дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы нясуць прамую адказнасць за стан здароўя асуджаных.
Заява Партыі БНФ 22 траўня 2021 году
З нагоды смерці сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка
21 траўня Партыя БНФ з болем сустрэла трагічную вестку, якая прыйшла з-за кратаў: падчас адбывання зняволення ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17 пайшоў з жыцця наш паплечнік, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Перастала біцца сэрца адданага патрыёта, сапраўднага змагара, які самаахвярна і мужна працаваў дзеля Бацькаўшчыны і Беларускага Адраджэння, а ў патрэбны момант – стаў у першых шэрагах барацьбы супраць прыгнёту. Рэжым прысудзіў Вітольду Ашурку пяць гадоў пазбаўлення волі – але не зламаў ягоны дух, не здолеў пазбавіць яго ўнутранай свабоды і асабістай годнасці. Вечная памяць герою! Спі спакойна, дарагі дружа – твая самаахвярнасць не была дарэмная!
На жаль, спіс палітвязняў, у дачыненні да якіх Партыя БНФ выказвае цвёрдае патрабаванне безумоўнага вызвалення, скараціўся ў самы трагічны спосаб.
Мы чарговы раз заяўляем патрабаванне пра вызваленне ўсіх людзей, якія былі кінутыя за краты на падставе выказвання палітычных перакананняў альбо ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту.
Але глыбокі смутак і боль з прычыны страты добрага сябра не перашкаджаюць, а нават і вымагаюць заявіць пра глыбокае абурэнне тымі ўмовамі, у якіх адбываюць пакаранне палітзняволеныя. Мы заклікаем неадкладна спыніць ганебную практыку стварэння невыносных умоваў для палітзняволеных у месцах несвабоды.
Згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу да годнасці, якая ўласцівая чалавечай асобе. Ніхто не павінны падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму для яго годнасці абыходжанню ці пакаранню. Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах абавязвае дзяржаву ствараць умовы, якія забяспечвалі б усім медыцынскую дапамогу і медыцынскі дагляд у выпадку хваробы. Згодна з Мінімальнымі стандартамі ААН па абыходжанні са зняволенымі (Правілы Нэльсанa Мандэлы), пра здароўе зняволеных павінны клапаціцца лекар, а медычныя службы ўстановы павінны выяўляць усе захворванні і лячыць іх.
Згодна з законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, асобам, якія пазбаўленыя волі, гарантуецца аказанне неабходнай медыцынскай дапамогі. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, зняволеныя маюць права на ахову здароўя, а адміністрацыя папраўчых установаў нясе адказнасць за выкананне ў папраўчых установах санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, якія забяспечваюць ахову здароўя асуджаных. Згодна з артыкулам 161 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, неаказанне медыцынскай дапамогі хворай асобе без паважных прычынаў медыцынскім работнікам альбо іншай асобай, абавязанай яе аказваць, з’яўляецца крымінальным злачынтвам.
Нягледзячы на адназначныя патрабаванні міжнародных і нацыянальных стандартаў, паведамленні і скаргі на адсутнасць доступа да якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі сістэматычна паступаюць ад асобаў, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды (папраўчыя калоніі, СІЗА і ІЧУ). У тым ліку паведамляецца пра наўмыснае стварэнне невыносных умоваў, жорстае і прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне са зняволенымі і арыштаванымі ў адміністрацыйным парадку, што несумяшчальна з прынцыпамі гуманнасці і ўзятымі на сабе Рэспублікай Беларусь абавязкамі згодна з міжнароднымі стандартамі.
У святле выкладзенага Партыя БНФ патрабуе:
– Ад Дэпартамента выканання пакаранняў МУС ды іншых упаўнаважаных органаў унутраных справаў: правядзення расследавання абставінаў смерці асуджанага Вітольда Ашурка, з прадстаўленнем грамадскасці вычарпальнай інфармацыі пра прычыны і абставіны смерці Вітольда Ашурка, а яго блізкім сваякам – інфармацыі пра вынікі медычнай экспертызы датычна прычыны смерці зняволенага і вынікаў паталагаанатамічнага даследавання;
– Ад Пракуратуры Рэспублікі Беларусі: правядзення праверкі ўсіх абставінаў смерці Вітольда Ашурка на прадмет чыннікаў, якія маглі наўмысна, ненаўмысна ці ўскосна пацягнуць смерць зняволенага (уключна са створанымі ў папраўчай установе ўмовамі ўтрымання), а ў выпадку сувязі смерці з віноўнымі дзеяннямі (бяздзеяннямі) службовых асобаў ці іншых людзей – узбуджэння крымінальнай справы і правядзення поўнага расследвання з прыцягненнем вінаватых да ўстаноўленай адказнасці і з інфармаваннем блізкіх сваякоў як пацярпелых па гэтай справе.
Дзеля забеспячэння паўнаты і даверу грамадскасці да вынікаў азначаных праверак і расследванняў прапануем запрасіць да ўдзелу ў іх прадстаўнікоў грамадскасці ў асобе праваабрончых арганізацыяў Беларусі, органаў грамадскага кантролю за выкананнем правоў асуджаных (Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі і Магілёўскай абласной грамадскай назіральнай камісіі), а таксама з інфармаваннем і запрашэннем экспертаў Місіі Офіса Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека па ўстанаўленні фактаў, што заснаваная рэзалюцыяй 46/20 Савета ААН па правах чалавека.
Партыя БНФ звяртае ўвагу органаў выканання пакарання, у тым ліку Дэпартамента выканання пакарання, адміністрацый папраўчых калоній і турмаў на неабходнасць выканання стандартаў доступу зняволеных да якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі без якой кольвек дыскрымінацыі. Асабліва пільная ўвага павінна быць аказана тым зняволеным і асобам, якія ўзятыя пад варту, якія маюць хранічныя альбо абвостраныя захворванні, траўмы альбо інваліднасць. Мы заклікаем да гуманнага абыходжання з усімі асобамі, што змешчаныя ў месцы няволі, у тым ліку тымі, у дачыненні да якіх ужытыя меры спагнання (штрафны ізалятар) з абавязковым прыпыненнем мер спагнання, калі гэта неабходна па медыцынскіх паказчыках.
Партыя БНФ прапануе Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, а таксама Магілёўскай абласной грамадскай назіральнай камісіі на падставе пункта 13.1 Палажэння аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб’яднаннямі кантролю за дзейнасцю органаў і ўстановаў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, наведаць Папраўчую калонію №17 у г. Шклоў як дзеля ўдзелу ў высвятленні абставінаў смерці асуджанага Вітольда Ашурка, так і дзеля вывучэння сістэмы і ўмоваў аказання медычнай дапамогі асуджаным, што ўтрымліваюцца ў азначанай установе, дзеля паляпшэння ўмоваў утрымання і медыка-санітарнага забеспячэння асуджаных. Таксама прапануем іншым рэгіянальным назіральным камісіям супольна з Міністэрствам аховы здароўя сістэмна вывучыць парадак аказання медычнай дапамогі асуджаным і медыка-санітарнага забеспячэння ў месцах няволі і выпрацаваць рэкамендацыі па яе ўдасканаленні.
Па азначаных патрабаваннях і прапановах Партыяй БНФ будуць накіраваныя звароты ў пазначаныя вышэй дзяржаўныя органы згодна з устаноўленым артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” правам абараняць правы і законныя інтарэсы, а таксама прадстаўляць законныя інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях.
Цяпер у месцах няволі знаходзяцца асуджаныя альбо ўзятыя пад варту старшыня Партыі БНФ Рыгор КАСТУСЁЎ, а таксама сябры Партыі БНФ Вольга ГАЛУБОВІЧ, Юрась ЗЯНКОВІЧ, Максім ВІНЯРСКІ, Дзмітрый КАЗЛОЎ, Андрэй ВОЙНІЧ, Павел ЮХНЕВІЧ, Дзяніс ІВАШЫН ды іншыя грамадска-палітычныя дзеячы і журналісты.
Асаблівую трывогу выклікае стан здароўя хворага на анкалогію Уладзіміра МАЛАХОЎСКАГА, якому патрэбныя неабходныя лекі і абследаванні ў сувязі з інваліднасцю.
Мы заклікаем зрабіць усё, каб пазбегнуць новых смерцяў у зняволенні! Дзеля гэтага трэба забяспечыць доступ вязняў да своечасовай медычнай дапамогі, не ігнараваць іх скаргі і звароты, выконваць заканадаўства і не ствараць дыскрымінацыйных умоваў для палітзняволеных, забяспечыць належны кантроль за становішчам у вязніцах.
Дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы нясуць прамую адказнасць за стан здароўя асуджаных.
Прэс-служба Партыі БНФ