Заява партыі „Справядлівы свет”: Для ўтрымання ўлады выкарыстоўваюць фашысцкія метады



Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” заклікала ўлады, грамадскія аб’яднанні, партыі і грамадзян Расеі падтрымаць патрабаванне беларусаў аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў заяве партыі, якую апублікаваў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” яе старшыня Сяргей Калякін.

„У выніку грубага парушэння дзейнай уладай Канстытуцыі, законаў і міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне выканання асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама аб’ектыўнага і заканамернага ў гэтых умовах грамадскага пратэсту, у рэспубліцы развіваецца востры палітычны крызіс, да якога прыкаваная ўвага ўсяго свету, — гаворыцца ў звароце. — Дэтанатарам масавага пратэсту сталі адкрыта нахабныя дзеянні выканаўчай вертыкалі ўлады па фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і тэрор з боку сілавых структур супраць народа Беларусі. У выніку як мінімум тры чалавекі былі забітыя, сотні пакалечаныя і каля сямі тысяч затрыманыя”.

„Шматлікія факты зверскіх збіцця і катаванняў, якія зведалі грамадзяне не толькі на вуліцах гарадоў, але і ў месцах ізаляцыі затрыманых, і якія сталі вядомымі грамадскасці, па сваёй цынічнасці і жорсткасці не саступаюць злачынствам, якія ўчынялі фашысты ў час Вялікай Айчыннай вайны. У выніку народны пратэст ахапіў усю краіну. Да яго далучыліся ўсе слаі насельніцтва: рабочыя, сяляне, інжынеры, настаўнікі, урачы, творчая інтэлігенцыя, спартсмены, студэнты, хатнія гаспадыні. Нарастае страйкавы рух у працоўных калектывах”, — канстатавалі ў партыі.

У „Справядлівым свеце” адзначаюць, што, нягледзячы на ўнутраныя прычыны масавых пратэстаў у Беларусі,” з вуснаў некаторых расейскіх палітыкаў, а таксама ў шэрагу расейскіх СМІ гучыць вельмі тэндэнцыйная трактоўка беларускіх падзей як падзей, што арганізаваныя звонку і пагражаюць беларуска-расійскім адносінам”, што „аб’ектыўна не так”.

Левыя падкрэсліваюць, што народны пратэст у Беларусі „не накіраваны супраць братэрскіх адносін паміж народамі і дзяржавамі”, а пратэстоўцы „не выступаюць з антырасейскімі лозунгамі”. На іх думку, большасць грамадзян Беларусі — прыхільнікі захавання і развіцця Саюзнай дзяржавы, у той час як Лукашэнка „ўжо доўгі час наносіць адчувальную шкоду беларуска-расейскім адносінам”. У пацвярджэнне таго „дастаткова ўспомніць яго антырасейскую перадвыбарную рыторыку, абвінавачанні ў спробах расхістаць сітуацыю ў Беларусі, умяшацца ва ўнутраныя справы краіны, грубы і сістэматычны шантаж у адрас Расеі”.

„Ва ўмовах, калі абсалютная большасць беларускага народа не жадае далейшага знаходжання А.Р.Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заявы некаторых расейскіх палітычных дзеячаў, а таксама палітычных каментатараў і аналітыкаў у падтрымку створанага ім антынароднага рэжыму і адначасова тэндэнцыйныя і абразлівыя ацэнкі народнага пратэсту з’яўляюцца падарункам для тых знешніх і ўнутраных сіл, якія даўно імкнуцца пасварыць нашы народы, пахаваць Саюзную дзяржаву і адарваць Беларусь ад Расеі, — гаворыцца ў заяве. — Гэтыя безадказныя дзеянні разам са спекуляцыяй самога А.Г.Лукашэнкі, які заяўляе аб поўнай і безагаворачнай падтрымцы яго з боку Расеі, наносяць каласальны шкоду будучыні расейска-беларускіх адносін, даюць празаходняй праванацыяналістычнай апазіцыі лёгкую магчымасць унесці ў народны пратэст антырасійскія настроі”.

У гэтай сітуацыі „Справядлівы свет” заклікае Расею „падтрымаць беларускі народ у яго патрабаваннях адстаўкі Лукашэнкі, які выкарыстоўвае для ўтрымання ўлады фашысцкія метады”, а таксама „асудзіць дзеянні беларускіх уладаў, якія дапускаюць грубы гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў і проста грамадзян”. Партыя таксама заклікае „запатрабаваць выпусціць усіх затрыманых і палітвязняў і спыніць пераслед грамадзян па палітычных матывах, садзейнічаць кансалідацыі намаганняў грамадзян, палітычных і грамадскіх арганізацый дзвюх краін, якія выступаюць за развіццё братэрскіх адносін паміж народамі і за Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі”.

belapan.by