Заява Руха Салідарнасці “Разам”
БУДЗЕ МОЦНАЯ БЕЛАРУСЬ!
Заява
Руха Салідарнасці “Разам”
У Беларусі ўжо амаль год лукашысцка-пуцінская кліка, якая незаконна і нелегітымна захапіла ўладу ў краіне, праводзіць палітыку тэрора і масавых рэпрэсій супраць беларускага народа.
Гэтая гуманітарная катастрофа зрабілася магчымай толькі таму, што А.Лукашэнка з дапамогай імперскай Масквы здзейсніў антыканстытуцыйны пераварот 1996 г., па выніках якога пазбавіў грамадзян Беларусі практычна ўсіх правоў і свабодаў, у тым ліку права беларускага народа абіраць уладу. Беларусь у тыя гады стала своеасаблівым палігонам, дзе ніжэйшае і сярэдняе звяно былых савецкіх спецслужбаў выпрабоўвала свой будучы прыход да ўлады і ў іншых краінах.
Датэрміновая адстаўка прэзыдэнта РФ Барыса Ельцына азначала не толькі персанальную змену кіраўніцтва гэтай краіны на былога афіцэра КГБ У. Пуціна, але і крах спробаў ісці па шляху пабудовы дэмакратычнай Расеі, каб паспрабаваць далучыць гэтую краіну да сям’і цывілізаваных народаў.
Усе намаганні дэмакратычнага Захада за два дзесяцігоддзя ўлады У. Пуціна наладзіць з Масквой паўнавартаснае супрацоўніцтва разбураліся атавістычнай расейскай імперскай ідэяй, якая ігнаруе не толькі міжнародныя пагадненні і дамовы, але і прынцыпы вяршынства права ва ўласнай краіне.
Гэта прывяло да развязвання РФ шматлікіх вайсковых канфліктаў у розных частках свету і нават актаў тэрарызму маскоўскіх спецслужбаў, у тым ліку – у краінах дэмакратычнага Захаду.
А ў 2014 г. анексіяй украінскага Крыма і пачаткам вайны на Данбасе РФ не толькі разбурыла прынцыпы непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў, закладзеныя ў паваеннай Еўропе, не толькі праігнаравала Будапешцкі мемарандум, прыняты ЗША, Вялікабрытаніяй і самой РФ, чым зрабіла нікчэмнымі любыя далейшыя спробы абмежавання ядзернай зброі ў свеце, але і адкрыла эпоху гібрыдных войнаў.
Вось гэтай гібрыднай вайной тлумачыцца і пастаўка бруднай нафты напачатку 2020 г. у Беларусь, і вылучэнне некаторых новых кандыдатаў і іх інфармацыйная падтрымка з Масквы падчас апошняга выбарчага фарса, і рашэнне не дасылаць назіральнікаў ад РФ на “выбары” 9 жніўня 2020 г., і ўзмацненне пазіцый расейскай агентуры ў кіраўніцтве практычна ўсіх сілавых структураў у Беларусі.
Цудоўна ведаючы, што выбараў у Беларусі няма і не будзе пры ўладзе А. Лукашэнкі, Крэмль і Лубянка выкарысталі гэты фарс, каб паспрабаваць зрабіць непазбежнай “глыбокую інтэграцыю”. Але беларускі народ – гэта не Лукашэнка, і тым больш – не Пуцін, што мусіў пабачыць увесь свет летам-восенню 2020 г. Пры гэтым, як толькі на вуліцы беларускіх гарадоў масава выйшаў народ, У. Пуцін імгненна падтрымаў персанальна А. Лукашэнку і ўсе яго злачынныя дзеянні па ўтрыманню ўлады.
Толькі сістэмнай падтрымкай пуцінскай РФ можна патлумачыць палітычны крызіс у Беларусі і тую гуманітарную катастрофу, на якую пакуль слаба рэагуе дэмакратычны Захад, куды былі перададзены парэшткі “выбарчага” праекту па дэстабілізацыі Беларусі.
Крывавая нядзеля 9 жніўня 2020 г. і наступныя некалькі дзён супрацьстаяння карных структураў існуючага рэжыма і беларусаў, якія вымушаны былі абараняцца, акрамя неверагодных традыцыйных і хлуслівых ярмошынскіх 80 % і рэальных шматлікіх ахвяраў, сфармавала палітычныя патрабаванні беларускага народа:
– Адстаўка Лукашэнкі і новыя выбары;
– Спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў;
– Крымінальныя справы супраць карнікаў і суды над імі.
Рух Салідарнасці “Разам” заўжды падтрымліваў гэтыя справядлівыя патрабаванні беларускага народа. Усе перамовы, як на міжнародным узроўні, так і з асобнымі прадстаўнікамі лукашыска-пуцінскай банды магчымыя толькі пасля выканання гэтых патрабаванняў.
Рух Салідарнасці “Разам” заклікае беларусаў да веры ва ўласныя сілы і да барацьбы за свае правы ўсімі магчымымі сіламі і сродкамі.
Рух Салідарнасці “Разам” нагадвае, што Еўропа ўжо была арэнай двух імперыялістычных войнаў, якія прынеслі незлічоныя страты народам свету. У кожнай з гэтых войнаў гінулі і мільёны беларусаў. Але Беларусь – моцная. Мы ёсць і сёння. І менавіта цяпер ужо ідзе новы этап гібрыднай вайны РФ супраць Беларусі, калі Крэмль праз цяперашнюю незаконную і нелегітымную ўладу спрабуе зачысціць усю грамадзянскую супольнасць Беларусі. Кожны дзень знаходжання пры ўладзе незаконнага і нелегітымнага А.Лукашэнкі павялічвае верагоднасць перспектываў ІІІ імперыялістычнай вайны.
Рух Салідарнасці “Разам” вельмі спадзяецца, што гэта разумеюць усе, хто вядзе ці спрабуе весці нейкія перамовы пра будучыню Беларусі.
Беларусы маюць права выбіраць уладу ва ўласнай краіне, і мы вельмі спадзяемся, што ў свеце ўзнікнуць саюзнікі беларускага народа.
Беларусь – гэта не Лукашэнка і яго бандыты. Беларусь – гэта не калонія Масквы. Беларусь – гэта людзі Беларусі, якія мусяць дамагчыся права выбіраць уладу.
Свабоду Беларусі!
Лукашысцка-пуцінскую банду – прэч!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!
14.06.2020 г.
Сустаршыні Руха Салідарнасці „Разам”
Юрый Ляшэнка
Аляксандр Макаеў
Алена Талстая.