Заявы Лукашэнкі ў адрас Украіны закліканыя адцягнуць увагу ад драматычных падзей у Беларусі



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў беспадстаўнымі абвінавачванні з боку Аляксандра Лукашэнкі ў падрыхтоўцы на ўкраінскай тэрыторыі баевікоў, якіх затым быццам бы адпраўляюць у Беларусь, паведаміў прэс-сакратар украінскага лідара Сяргей Нікіфараў.

Такія заявы, адзначыў прэс-сакратар, накіраваныя на адцягненне ўвагі ад унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, ад драматычных падзей, якія пачаліся ў краіне летась і працягваюцца да гэтага часу.

„Прэзідэнт настойвае на тым, што Украіна змагаецца з баевікамі, а не трэніруе іх, як заявіў Аляксандр Лукашэнка”, — сказаў Нікіфараў. Ён падкрэсліў, што намаганні ўкраінскіх уладаў накіраваныя на ўмацаванне бяспекі ў краіне і вяртанне часова акупаваных тэрыторый Данбаса і Крыма.

„Крызіс, які пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў, можна развязаць толькі дэмакратычным шляхам. Але Аляксандру Лукашэнку не хапіла смеласці пайсці па ім”, — заявіў прэс-сакратар Зяленскага.

Паводле яго слоў, Зяленскі падкрэслівае, што Украіна застаецца верным сябрам беларускага народа, аднак не ўмешваецца ў палітычныя працэсы ў іншых дзяржавах.

„Спадзяемся, што не будзе недружалюбных крокаў у дачыненні да Украіны з боку Аляксандра Лукашэнкі. Калі ж будуць — гэта атрымае неадкладны і магутны адказ і нашай дзяржавы, і міжнароднай супольнасці”, — сказаў афіцыйны прадстаўнік украінскага прэзідэнта.

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка правёў васьмігадзінную прэс-канферэнцыю, на якой, у прыватнасці, заявіў пра Зяленскага: „Добра, пабег за Захадам, плюнуў на ўсё, але навошта ты баевікоў рыхтуеш на тэрыторыі Украіны і зброю закідваеш да нас сюды? Бо зброя ідзе ў асноўным з Украіны. Цяпер мы, вядома, закрылі намёртва гэтую мяжу. Навошта вы гэта робіце, народы — гэта ж суседзі, гэта ж родныя людзі?”

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, у беларускіх СМІ неаднаразова паказвалася, як з Украіны ў Беларусь перакідваюць выбухоўку і боепрыпасы. „Наш старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі вельмі выразна сказаў: мы бачым, хто з сілавікоў і афіцыйных органаў улады ва Украіне гэта арганізоўвае”, — заявіў Лукашэнка.

БелаПАН

Фота: 24tv.ua