Зберагчы Беларусь ад агрэсіі Расеі могуць толькі дэмакратычныя рэформы



«Зберагчы Беларусь ад агрэсіі Расеі могуць толькі дэмакратычныя рэформы», – такое меркаванне выказаў генеральны сакратар НАТА ў 2009—2014 гадах, пазаштатны саветнік прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі (з 2016 года) Андэрс Фог Расмусэн у інтэрв’ю ўкраінскаму парталу liga.net.

„Ключавая рызыка — гэта паўтор у Беларусі ўкраінскага сцэнара з вайной і анексіяй, — лічыць Расмусэн. — Гэтую краіну чакае такі сцэнар, калі яна не пачне рэфармавацца. Мая парада беларускаму народу і кіраўніцтву краіны ў тым, каб засцерагчыся ад агрэсіі расейцаў: трэба пачаць рэформы, якія вядуць да дэмакратыі і свабоды”.

Паводле слоў дацкага палітыка, ён хоча, каб Беларусь атрымлівала больш дапамогі ад Захаду, але трэба бачыць пераарыентацыю краіны да свабоды і дэмакратыі.

Расмусэн пагадзіўся з рэплікай журналіста, што Аляксандр Лукашэнка наўрад ці збіраецца рэфармаваць краіну і рухацца на Захад. „Але таксама Лукашэнка не жадае жыць пад прыгнётам Пуціна. Яму трэба выбраць: або рэформы, або пастаянны прыгнёт расейцаў„, — лічыць экс-генеральны сакратар НАТА.

У 2002 годзе, будучы прэм’ер-міністрам Даніі, Расмусэн заявіў, што ЕЗ хацеў бы ўмацаваць дачыненні з Беларуссю, якія павінны грунтавацца на „доўгатэрміновым збліжэнні і спрыянні дэмакратычным і эканамічным рэформам, устойліваму развіццю і гандлю”.

БелаПАН