Здраеўскі: ЕП не прызнае беларускіх дэпутатаў дэмакратычна абранымі
Еўрапарламент па-ранейшаму не прызнае беларускіх дэпутатаў дэмакратычна абранымі, заявіў кіраўнік дэлегацыі ЕП Богдан Здраеўскі ў інтэрв’ю БелаПАН і парталу tut.by па выніках двухдзённага візіту ў Менск.
Ён адзначыў, што вельмі доўгі час не было ніякіх кантактаў паміж Еўрапарламентам і Палатай прадстаўнікоў. „Прычына гэтаму — непрызнанне вынікаў выбараў. І гэта пазіцыя не змянілася. Але змянілася сёе-тое іншае”, — сказаў Здраеўскі. Ён растлумачыў, што ў Беларусі больш няма палітычных зняволеных, таму ёсць магчымасць аднавіць дыялог у многіх галінах, у тым ліку па Балонскім працэсе, авіяцыйным і прадуктовым кантролі.
Здраеўскі адзначыў, што два чалавекі ў беларускім парламенце прадстаўляюць апазіцыю. „Яны не былі абраныя шляхам дэмакратычных выбараў, але яны атрымалі свае месцы. Важна бачыць кантэкст”, — сказаў прадстаўнік Еўрапарламента. Паводле яго слоў, у ЕЗ цэняць ролю Беларусі ў перагаворным працэсе паміж Расіяй і Украінай, непрызнанне анексіі Крыма, недалучэнне да санкцый Расіі ў дачыненні да ЕЗ, а таксама правядзенне ў краіне Кангрэса рэгіёнаў і Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Як адзначыў дэпутат, гэта — асноўныя прычыны, па якіх было прынята рашэнне аб сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у ходзе гэтага візіту. Таксама ён патлумачыў сустрэчу „тэхнічнымі прычынамі”, адзначыўшы, што ў дэлегацыі была і сустрэча ў Цэнтрвыбаркаме, які таксама знаходзіцца ў будынку Дома ўрада. Пасля кансультацый было прынята рашэнне аб тым, што „будзе няправільна выключаць частку парламентарыяў або частку людзей, якія сядзяць у тым жа будынку”.
Пры гэтым Здраеўскі падкрэсліў, што стаўленне Еўрапарламента да Палаты прадстаўнікоў не змянілася. „Мы не прызнаем выбарчы працэс дэмакратычным, — сказаў ён, — і мы не можам запрасіць Беларусь паўнавартасна ўдзельнічаць у Еўранесце да таго часу, пакуль мы не прызнаем парламент”.
У той жа час, сказаў Здраеўскі, у Еўрапарламенце разглядаюць іншыя магчымасці камунікацыі з Палатай прадстаўнікоў, каб запрашаць дэпутатаў на мерапрыемствы ў рамках Еўранеста.
„Спадзяюся, восенню ў Бруселі гэтыя прапановы будуць агучаны. Прадстаўнікоў апазіцыі мы таксама працягнем запрашаць у Еўранест”, — падкрэсліў кіраўнік дэлегацыі.
belapan.by