Здзек над правам
Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне па пяці скаргах, якія паступілі ад беларускіх грамадзян, і ўстанавіў, што ва ўсіх выпадках улады Беларусі парушылі правы чалавека. Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавядае, чаму афіцыйны Менск не выконваў і не збіраецца выконваць гэтыя рашэнні.
Алег Гулак: Праблема ў тым, што праваабаронцы і беларускія ўлады па-рознаму разумеюць забавязанні ў рамках Пакта грамадзянскіх і палітычных правоў і факультатыўнага пратакола, якім прадугледжаны гэтыя працэдуры. Так, у самім тэксце і Пакта, і пратакола мы не знойдзем, што рашэнне трэба абавязкова выканаць. Але гэтак жа мы не знойдзем і таго, што гэта проста рэкамендацыя. Сэнс ўсёй гэтай працэдуры заключаецца ў тым, што дзяржава атрымоўвае рашэнне органа, кампетэнцыю якога яна прызнала. Пакт абавязковы да выканання, і калі ён парушаецца, то нельга рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Краіна павінна прыняць меры. Дарэчы, гэтыя працэдуры больш мяккія, чым рашэнні ў межах Савета Еўропы ці Еўрапейскага суда.
РР: У Канстытуцыі Беларусі запісана, што дзяржава і службовыя асобы абавязаны прыняць усе неабходныя меры для рэалізацыі правоў…
Алег Гулак: Так, і грамадзяне могуць патрабаваць, каб гэтае права выконвалася. У Канстытуцыі таксама ёсць палажэнне, што грамадзяне Беларусі могуць звяртацца ў той жа Камітэт па правах чалавека, калі вычарпаны ўнутраныя магчымасці. Калі дзяржава пацвярджае, што такое права ёсць, то было б вельмі дзіўным у адказ на рэалізацыю гэтага права, сказаць грамадзянам: “Мы атрымалі рэкамендацыю, а вы рабіце са сваім рашэннем што заўгодна”. Гэта называецца здзекам над правам.
РР: Пасля таго, як Камітэт па правах чалавека вынес рашэнне, на працягу 180 дзён Беларусь павінна прадаставіць камітэту інфармацыю па выкананні вышэйназванага рашэння, а таксама надрукаваць яго ў афіцыйных СМІ. Былі выпадкі, калі ўлады менавіта так і зрабілі?
Алег Гулак: Не ведаю пра такія выпадкі. Больш таго – улады зрабілі ўсё магчымае, каб і ААН не надрукавала пра іх.
РР: Тады які сэнс наогул скардзіцца ў ААН?
Алег Гулак: Улады могуць рабіць выгляд, што не прызнаюць міжнародныя рашэнні, не выконваць іх, але ж бачаць, што адбываецца, і разумеюць, што поўнасцю гэта ігнараваць нельга. Так, механізм не працуе так, як павінен працаваць. Але эфект ад гэтага ў любым выпадку ёсць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria.ru