З’езд Партыі БНФ перанесены на 11-га кастрычніка (абноўлена)



Гэта адбылося з-за татальных адмоваў здаць памяшканне для правядзення гэтага мерапрыемства. Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, залу для правядзення з’езду пачалі шукаць яшчэ ў ліпені. Звярнуліся да адміністрацый больш чым 50 залаў. Большасць спачатку выказвалі згоду, але пасля нейкіх кансультацый з вышэйшым кіраўніцтвам адмаўлялі.

– Мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі быў выбар: альбо праводзіць з’езд у памяшканні ўправы Партыі БНФ, альбо прымаць рашэнне пра перанос даты, у звязку з тым, што на з’езд вывучана каля 200 дэлегатаў, бо гэта з’езд справаздачна-выбарчы, нам патрэбная сапраўды поўнафарматная дыскусія, гэта ўсё забяспечыць у памяшканні ўправы проста фізічна немагчыма. Таму Сойм прыняў рашэнне перанесці правядзенне з’езду. Безумоўна, гэта ўсё прыкра, гэта такая сумная, недарэчная сітуацыя.

Яна сведчыць, што ў Беларусі пад моцным ціскам зноходзяцца не толькі апазіцыйныя партыі, а фактычна ўсё грамадства, – лічыць Аляксей Янукевіч. „Арганізацыі, да якіх звярталіся, былі зацікаўлены спачатку здаць памяшканні ў арэнду. Аднак апасаючыся за нейкія магчымыя наступствы, рэальныя ці штучна створаныя, уласнікі памяшканняў у выніку адмаўляюцца. Вось такая атмасфера створана ў краіне,” – канстатаваў кіраўнік Партыі БНФ.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

З’езд меўся адбыцца ў Менску заўтра, 13 верасня, аднак у апошні момант партыйцам адмовілі ў памяшканні. Расказвае сустаршыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

– Партыя пачала падрыхтоўку да з’езду загадзя і мы дзесьці за месяц пачалі займацца пошукам памяшкання. Напярэдадні з’езду была дамоўленасць з адным з прадпрыемстваў УПП глухіх па ўзгадненні з гарвыканкамам, якое павінна было прадаставіць нам залу. Але ў апошні момант яны нам адмовілі. За некалькі апошніх дзён мы проста фізічна не змаглі знайсці іншае памяшканне, хоць было некалькі дзясяткаў зваротаў.

Як распавёў Рыгор Кастусёў, зараз афармляюцца дакументы для выдзялення іншага памяшканна.  На з’ездзе партыі БНФ, які цяпер  плануюць правесці 11-га кастрычніка, будзе абмяркоўваццца, сярод іншага, стратэгія партыі на прэзідэнцкія выбары. Будзе таксама заслуханая справаздача дзейнасці партыі за мінулы трохгадовы перыяд і абранае новае кіраўніцтва.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя