Жаўнеры ЗША сфатаграфаваліся са зброяй на мяжы з РФ



Жаўнеры арміі ЗША, якія раскватараваныя ў Эстоніі, зрабілі групавое фота ў 100 метрах ад расейскай мяжы, што праходзіць па рацэ Нарва ў аднайменным эстонскім горадзе. На іншым яе баку знаходзіцца памежны расейскі горад Івангорад. Фотаздымак быў апублікаваны ў сэрвісе мікраблогаў Твітар.

Вызначыць месца, дзе быў зроблены фотаздымак, было зусім нескладана, паколькі за спінамі амерыканскіх жаўнераў знаходзіцца вядомая славутасць – Івангародская крэпасць. Менавіта такі від на яе адкрываецца з эстонскага берага ракі Нарва. Дарэчы, сам Івангорад заснаваны маскоўскім князем Іванам III Васільевічам у 1492 годзе – у самы разгар Лівонскай вайны – і названы ў яго гонар. Цяпер горад уваходзіць у склад Кенгісепскага раёна Ленінградскай вобласці і лічыцца памежнай зонай, уезд у якую магчымы толькі па спецыяльным пропуску або з мясцовай прапіскай.

Фотаздымак амерыканскіх вайскоўцаў на яго фоне ўжо выклікаў хвалю абурэння ў расейскім сегменце сацыяльных сетак. Жыхары РФ назвалі дадзенае фота правакацыйным, а некаторыя і ўвогуле расцанілі як намёк на адкрытую пагрозу.

Нагадаем, што амерыканскія вайскоўцы, размешчаныя на тэрыторыі Эстоніі, ужо не ўпершыню „троляць” расейцаў праз блізкую мяжу. Так, роўна два гады таму, у лютым 2015 года армія ЗША правяла вялікі парад баявой тэхнікі ў горадзе Нарва – гэта прыкладна ў 300 метрах ад расейскай тэрыторыі. Аналітыкі мяркуюць, што такімі спосабамі амерыканскае ваеннае камандаванне дае зразумець расейскім калегам, што з агрэсіяй у дзяржавы Балтыі, якія ўваходзяць у NATO, ім лепш не савацца.

by24.org