Жазэф Доль патрабуе спыніць ціск на Віталя Рымашэўскага
Беларускія ўлады працягваюць пераследваць і запужваць палітычных лідараў апазіцыі. Пра гэта ў сваім Twitter-акаўнце заявіў прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль.
“Палітычна матываваны пераслед і юрыдычны ціск на сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага і яго брата павінен быць тэрмінова спынены”, – падкрэсліў палітык.
Нагадаем, што на сустаршыню БХД і членаў яго сям’і аказваецца беспрэцэдэнтны ціск. Напярэдадні правядзення святкавання Дня Волі ў канцы працоўнага дня ў пятніцу яго роднага брата выклікалі ў Следчы камітэт.
Са слоў следчага, нібыта ён праходзіць сведкам па падазрэнні ў забойстве дзяўчынкі ў 1989 годзе. У панядзелак ён быў дапытаны Следчым камітэтам, з яго ўзялі падпіску пра неразгалошванне. Віталь Рымашэўскі таксама выкліканы ў Следчы камітэт.
З улікам таго, што на момант 1989 года Віталю Рымашэўскаму было 13 гадоў, а яго брату восем, відавочная палітычная замова напярэдадні святкавання гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі з мэтай аказання ціску на бліжэйшых сваякоў сустаршыні БХД.