Жазэп Барэль: Адрасныя санкцыі ЕЗ закрануць крытычныя галіны эканомікі Беларусі



Беларусь зноў апынулася ў топе міжнароднага парадку дня з-за апошніх падзей з самалётам Ryanair і рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, якія працягваюцца ў краіне, заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы 8 чэрвеня ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.

„Рэпрэсіі неаднаразова рашуча асуджаліся [Еўразвязам], як і маштабныя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца з моманту прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, — сказаў Барэль. — Апошнія падзеі з угонам грамадзянскага самалёта, які накіроўваўся паміж дзвюма сталіцамі краін ЕЗ, і прымус яго да пасадкі ў Менску з выкарыстаннем ваеннага знішчальніка сталі перасячэннем чырвонай рысы. Гэта было не толькі грэбаванне бяспекай больш чым 100 пасажыраў, але і выклікам міжнародным правілам, якія рэгулююць авіязносіны”.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі асудзіў арышт журналіста і блогера Рамана Пратасевіча  і яго сяброўкі Сафіі Сапегі, што адбыўся пасля пасадкі самалёта. „Вымушаныя паказанні ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання з`яўляюцца яшчэ адным прыкладам жахлівага парушэння базавых правоў чалавека, у якіх вінаваты рэжым Лукашэнкі, — адзначыў Барэль. — Было жудасна бачыць, як затрыманы плача і робіць прызнанні перад камерамі дзяржаўнага тэлебачання, нібы ён вінаваты ў мностве злачынстваў супраць Беларусі. Паверце мне, гэта былі жудасныя кадры”.

Ён нагадаў еўрадэпутатам, што на наступны дзень пасля інцыдэнту з самалётам Еўрапейскі савет унёс пытанне па Беларусі ў парадак дня свайго пасяджэння і затым прыняў шэраг рашэнняў.

„Еўрапейскі савет заклікаў да дадатковых санкцый, — адзначыў Барэль. — І ўпершыню мы вырашылі выкарыстоўваць адрасныя эканамічныя санкцыі. Да гэтага моманту нашы санкцыі ўжываліся персанальна, закранаючы фізічных і юрыдычных асоб, але не ўсю эканоміку краіны. На гэты раз Еўрапейскі савет запытаў прымянення адрасных эканамічных санкцый. Еўрапейскі савет таксама палічыў, што ўсе авіякампаніі, якія базуюцца ў ЕЗ, павінны пазбягаць беларускай паветранай прасторы, а таксама заклікаў да прыняцця неабходных мер, каб забараніць палёты ў еўрапейскай паветранай прасторы для беларускіх авіякампаній”.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі падкрэсліў, што забарона на палёты беларускіх авіякампаній у Еўрасаюз і еўрапейскіх кампаній у Беларусь была ўхваленая Саветам ЕЗ на мінулым тыдні.

Паводле яго слоў, завяршаецца праца над санкцыямі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да інцыдэнту з самалётам Ryanair. Дадзены спіс будзе ўхвалены найбліжэйшымі днямі.

Барэль адзначыў, што ўзначаленая ім Еўрапейская служба знешніх дзеянняў сумесна з Еўракамісіяй вядзе працу па падрыхтоўцы адрасных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. „Я спадзяюся, што яны будуць ухваленыя падчас наступнага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў ЕЗ (запланаванае на 21 чэрвеня. — БелаПАН.). Санкцыі будуць закранаць крытычныя галіны беларускай эканомікі, — сказаў ён. — Але фінальнае рашэнне будуць прымаць дзяржавы-члены. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтым рашэнні”.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі таксама заклікаў не забываць, што цяпер у Беларусі „налічваецца не менш як 450 палітвязняў, уключаючы журналістаў, якія былі затрыманыя проста за выкананне імі сваёй працы, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і звычайных грамадзян, якія пратэставалі супраць парушэння рэжымам іх правоў і свабод”.

Ён падкрэсліў, што ЕЗ працягне падтрымліваць усіх пацярпелых ад рэпрэсій, а таксама будзе працаваць над тым, каб прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.

belapan.by

Фота: John Thys / Pool Photo via AP