Жазэп Барэль: Лукашэнка не з’яўляецца легітымным



„Сітуацыя ў Беларусі для нас ясная. Мы лічым выбары, якія прайшлі 9 жніўня, сфальсіфікаванымі. Лукашэнка для нас не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі”, — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 15 верасня на слуханнях у Еўрапарламенце.

Ён адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць „жорстка душыць пратэсты”. „Больш за сем з паловай тысяч мірных дэманстрантаў былі затрыманыя (з пачатку пратэстаў. — БелаПАН.), ёсць больш за 500 задакументаваных выпадкаў катаванняў у дачыненні да іх, — сказаў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ. — Усе члены прэзідыума Каардынацыйнай рады, за выключэннем лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, былі затрыманыя або іх прымусілі пакінуць краіну”.

Паводле яго слоў, Еўразвяз працягвае працу над увядзеннем санкцый у дачыненні да тых, хто адказны за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. „Маем намер прыняць іх як мага хутчэй. Яны павінны быць прынятыя да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета”, — дадаў Барэль.

Надзвычайнае пасяджэнне Еўрапейскага савета запланаванае на 24—25 верасня.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ падкрэсліў, што беларускія ўлады павінны спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян і пачаць шырокамаштабны дыялог з грамадствам. На яго думку, пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЕ. „Аднак мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні”, — дадаў ён.

Барэль нагадаў, што Еўразвяз выдзеліў фінансавыя сродкі на падтрымку беларускага народа, у тым ліку для дапамогі пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, і на падтрымку недзяржаўных СМІ.

Паводле слоў кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, ЕЗ таксама цалкам перагледзіць свае адносіны з Беларуссю. Вызначаныя сферы, у якіх кантакты могуць быць скарочаныя або спыненыя цалкам, сказаў Барэль.

belapan.by