Жазэп Барэль: Рэжым павінен спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялог з грамадствам



Рэжым у Беларусі павінен спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялог з грамадствам, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, зробленай ад імя ЕЗ напярэдадні „першай гадавіны фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 года”.

„9 жніўня 2020 года надзеі народа Беларусі на абранне легітымнага лідара краіны былі жорстка разбітыя, — гаворыцца ў заяве. — З таго часу народ Беларусі няспынна і мужна змагаецца за павагу правоў чалавека і фундаментальных свабод. Ён заклікае да новых, дэмакратычных выбараў. Ён мірна пратэстуе, у той час як рэжым Лукашэнкі ігнаруе вяршэнства права і міжнародныя абавязацельствы Беларусі і абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, што зафіксавана ў дакладзе аб „Меркаваных парушэннях правоў чалавека, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня 2020 года ў Беларусі”, падрыхтаваным Вольфгангам Бенедэкам у межах маскоўскага механізму АБСЕ”.

На працягу года гэты заклік застаецца непачутым, адзначаецца ў заяве. „Рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе ўласнае грамадства, паслядоўна паглыбляючы разрыў з беларускім народам. Прадстаўнікі апазіцыі і дэмакратычных сіл разам з тысячамі грамадзян з усіх слаёў грамадства загінулі пры нявысветленых абставінах або былі затрыманыя, альбо былі вымушаныя пакінуць краіну і жыць у выгнанні, — падкрэсліваецца ў заяве. — Рэжым Лукашэнкі пачаў добра спланаваную кампанію рэпрэсій і запалохвання грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, а таксама сістэматычнае знішчэнне няўрадавых арганізацый і незалежных СМІ з канчатковай мэтай заглушыць усе незалежныя галасы і задушыць грамадзянскую дзейнасць у Беларусі. Польская абшчына ў Беларусі таксама стала мішэнню гэтай палітыкі. Адвольныя і неабгрунтаваныя затрыманні, несправядлівы пераслед, уключаючы адмову ў праве на справядлівы судовы разгляд, і сотні задакументаваных выпадкаў катаванняў па-ранейшаму маюць месца ва ўмовах беспакаранасці”.

У заяве таксама гаворыцца, што „прымусовай і незаконнай” пасадкай самалёта авіякампаніі Ryanair у Мінску 23 мая і выкарыстаннем мігрантаў з палітычнымі мэтамі „рэжым кінуў яшчэ большы выклік міжнародным нормам”.

„Разам з партнёрамі-аднадумцамі ў ЕС адкрыта і аднагалосна заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць свае рэпрэсіўныя практыкі. У адпаведнасці са сваім паэтапным падыходам ЕС гатовы разгледзець далейшыя меры ў святле абуральнага ігнаравання рэжымам міжнародных абавязацельстваў. Адзіны спосаб пакласці канец палітычнаму крызісу — інклюзіўны нацыянальны дыялог”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Адмена санкцый ЕС „будзе магчымая толькі пасля таго, як улады ў Беларусі стануць цалкам прытрымлівацца прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права, выконваць свае абавязацельствы адносна правоў чалавека і спыняць усе рэпрэсіі”. „Рэжым павінен безумоўна вызваліць і рэабілітаваць больш за 600 палітвязняў і ўключыцца ў сур’ёзны, варты даверу, інклюзіўны палітычны працэс, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ”, — заклікае ЕЗ.

У заяве адзначаецца, што, калі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі, ЕС абавязваецца дапамагчы ёй стабілізаваць эканоміку, рэфармаваць інстытуты, каб зрабіць іх устойлівымі і больш дэмакратычнымі, стварыць новыя працоўныя месцы і павысіць узровень жыцця людзей, у тым ліку праз Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі на суму да 3 млрд еўра для дэмакратычнай Беларусі, кароткі варыянт якога быў апублікаваны 28 мая Еўрапейскай камісіяй.

„ЕС захоўвае ўнутранае адзінства ў пытанні далейшай падтрымкі народа Беларусі, у тым ліку шляхам аказання надзвычайнай дапамогі ахвярам рэпрэсій і незалежным сродкам масавай інфармацыі і гуманітарнай дапамогі грамадзянскаму насельніцтву, — гаворыцца ў заяве. — ЕС таксама будзе працягваць падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы па прыцягненні ўсіх вінаватых да адказнасці, у тым ліку праз Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці”.

„ЕС будзе працягваць падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, суверэнную, росквітную і стабільную Беларусь. Галасы і волю народа Беларусі не ўдасца заглушыць”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

belapan.by

Фота: europarl.europa.eu