Жазэп Барэль: Цана імкнення да свабоды вельмі высокая



„Цана, якую беларускі народ плаціць за сваё законнае імкненне да свабоды, вельмі высокая”, — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 22 сакавіка на другім Форуме Кастуся Каліноўскага ў Вільні, які праводзіць літоўскі сейм.

„Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ўсе даступныя сродкі для ўтрымання ўлады, ігнаруючы вяршэнства закона, правы чалавека і жыцці людзей, — сказаў Барэль. — А паколькі Беларусь з’яўляецца непасрэдным суседам ЕЗ, а беларусы — нашымі субратамі-еўрапейцамі, мы не можам проста пасіўна назіраць за гэтым. ЕЗ падтрымлівае беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі”.

Барэль нагадаў, што ЕЗ ужо ўвёў санкцыі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека. „Мы гатовыя ўвесці дадатковыя санкцыі пры адсутнасці якіх-небудзь паляпшэнняў і дэмакратычных пераўтварэнняў, — падкрэсліў ён. — Мы цалкам перагледзелі свае адносіны з Беларуссю, скарацілі палітычныя кантакты і спынілі ўсякую прамую фінансавую падтрымку цэнтральных уладаў. Мы працягваем лічыць, што сапраўдны, усёабдымны нацыянальны дыялог — адзіны шлях наперад для забеспячэння мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу. І мы гатовыя падтрымаць гэты працэс”.

„Еўразвязу не прывыкаць да барацьбы за дэмакратыю, якая можа быць доўгай і складанай. І мы павінны падтрымаць усіх, хто зараз сутыкаецца з гэтай барацьбой. Народ Беларусі патрабуе перамен, ён гэтага заслугоўвае, мы яго падтрымаем”, — сказаў Барэль.

БелаПАН