„Жэстачайшая лібералізацыя” пачалася?
Міліцыя затрымала ў Менску сябру Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алу Гуцаву. Яна распаўсюджвала ў метро ўлёткі з інфармацыяй аб дазволеных шэсці і мітынгу на Дзень памяці продкаў „Дзяды”.
Адказны сакратар гэтай партыі Алесь Чахольскі ў інтэрв’ю Радыё Рацыя падкрэсліў, што дзеянні міліцыі супярэчаць закону.
Алесь Чахольскі: У сем пяцьдзясят раніцы на станцыі метро „Магілёўская” затрымана сябра нашай партыі спадарыня Ала Гуцава. Яна раздавала запрашэнні на дазволеныя ўладамі мерапрыемствы на 5 лістапада на Дзяды. Яна паказала міліцыянтам, якія затрымлівалі яе, копію дазвола Менгарвыканкама. Згодна заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, пасля атрымання дазволу грамадзяне маюць права распаўсюджваць інфармацыю і запрашаць людзей на дазволеныя мерапрыемствы. Але гэтыя невукі – міліцянты па прозвішчах Данілюк і Кірычэнка, правялі затрыманне, склалі пратакол па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях аб парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, забралі ўлёткі. Але пры гэтым зноў зрабілі парушэнні. Яны не далі копіі пратакола Гуцавай на рукі, а па-другое, не далі акта аб канфіскацыі ўлётак, што з’яўляецца таксама грубейшым парушэннем.
І ўсё гэта – вынік „жэстачайшай лібералізацыі”, пра якую не так даўно казаў адзін таварышч – таварышч Шуневіч, які зараз з’яўляецца міністрам унутраных спраў. Вось і пачалася гэтая „жэстачайшая лібералізацыя”. Яшчэ раз падкрэсліваю, зараз у міліцыі служаць людзі, якія не ведаюць законаў. Таму гэтыя людзі, асабліва тыя, якія затрымлівалі Алу Гуцаву, павінны быць звольнены. Гэта наша патрабаванне. Не трэба нам ніякіх прабачэнняў. Гэтай спадарыні нанесена матэрыяльная і маральная шкода. Іх таксама трэба кампенсаваць.
РР: Як гэтыя дзеянні міліцыі будуць абскарджаны?
Алесь Чахольскі: Зараз на гэтым этапе мы звяртаемся ў пракуратуру, якая павінна кантраляваць выкананне законаў. Я думаю, што мы таксама звернемся ў суд. І хай гэтыя органы дадуць прававую ацэнку дзеянням гэтых міліцыянтаў, якія абсалютна не адукаваныя ў заканадаўстве. І што гэтыя людзі робяць увогуле ў гэтых органах?
РР: Можа, тут ёсць нейкая палітычная падстава? Можна, нехта ва ўладзе не ўспрымае інфармацыі аб рэпрэсіях сталінскіх часоў і спрабуе збіць хвалю цікавасці грамадсва?
Алесь Чахольскі: Мы ўсё гэта разумеем. Таму што ва ўладзе зараз знаходзяцца нашчадкі тых, хто ў патыліцу страляў беларусаў у шматлікіх Курапатах па ўсёй Беларусі. Яны не адмовіліся ад гэтай ідэалогіі. Існуе „лінія Сталіна”, стаяць балваны гэтыя кругом – Калініны, Леніны і іншыя. І ў ідэалогіі беларускай улады, відаць, мала што памянялася. У іх у галавах тое ж самае. Была б магчымасць зараз, іншая сітуацыя ў свеце, – яны тое ж самае рабілі. Можна прыгадаць, куды ўсё ж такі дзеліся Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадскі? Да гэтага часу адказа няма. Працягваюцца незаконныя затрыманні, працягваецца ціск на людзей, якія маюць іншую думку. Няма тут ніякіх выбараў. Я гляджу на тых людзей з так званай апазіцыі, якія збіраюцца на выбары ісці. Вы ж удзельнічаеце ў злачынстве! Што ж, гэта незразумела? І абураюць абсалютна амаральныя паводзіны Захаду. Я хачу гэта падкрэсліць і гэта мая персанальная пазіцыя. Таму што амаральныя паводзіны Захаду са спробай так званай гульні з гэтым васалам Масквы ні да чаго добрага не прыводзяць. Як толькі гэта пачынаецца, то ўзмацняюцца рэпрэсіі, узмацняецца ціск, людзей садзяць, штрафуюць. Таму, спадары заходнія палітыкі, падумайце, што вы робіце? І ў вачах беларускага народу гэтая палітыка, гэтыя спробы выглядаюць вельмі дзіўна. Гэта адбываецца замест таго, каб увесці санкцыі супраць тысяч гэтых ментоў, гэбэшнікаў, суддзяў, пракурораў, членаў выбарчых камісіяў і іхніх сем’яў. Не трэба нават супраць Лукашэнкі ўводзіць санкцый. А вось што трэба, – для шэраговых грамадзянаў, мільёнаў беларусаў зрабіць бясплатныя шэнгенскія візы, каб яны ўбачылі свет, каб зразумелі, як трэба жыць і як жывуць людзі ў цывілізаваных нармальных краінах. А тыя парушальнікі законаў і правоў, каб ведалі, што нікуды, акрамя гэтага калгасу, яны ніколі не паедуць. Вось тады быў бы вынік.
РР: І нагадайце яшчэ, як пройдуць Дзяды?
Алесь Чахольскі: Мы запрашае усіх сабрацца 5 лістапада. Гэта нядзеля. Пачатак збору ў 11.30 каля гадзіннікава заводу, гэта станцыя метро „Парк Чэлюскінцаў”. У 12 гадзінаў пачнецца шэсце. Мерапрыемства традыцыйнае, прысвечанае ўшанаванню памяці Дзядоў. Мы рухаемся на Курапаты, наш нацянальны некропаль, дзе расейскім НКВД рассталяны дзясяткі тысячаў людзей. Мы ўшаноўваем іх памяць, як і ўсіх нашых дзядоў, якія загінулі за гэтыя стагоддзі, змагаючыся за нашу краіну і паклалі на гэта жыццё.
Мы павінны пра гэта памятаць, бо без памяці не можа быць руха наперад”, – сказаў Алесь Чахольскі.
Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя