Жонка блогера Сяргея Ціханоўскага падала ў ЦВК свае дакументы



 Пасля адмовы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістраваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага (youtube-канал „Краіна для жыцця”, 182 тыс. падпісчыкаў) прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы стала яго жонка.

Увечары 15 траўня Святлана Ціханоўская падала ў ЦВК заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы, кіраўніком якой зрабіла мужа.

У рэгістрацыі групы блогера было адмоўлена на той падставе, што пад дакументамі адсутнічае яго подпіс. ЦВК не прыслухалася да довадаў жонкі, якая, на яе думку, як давераная асоба мае права подпісу.

41-гадовы відэаблогер Ціханоўскі з Гомеля быў затрыманы 6 траўня пад Магілёвам і змешчаны ў гомельскі ІЧУ для адбыцця 15-сутачнага арышту за ўдзел у акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года, таму асабіста не змог прыбыць у ЦВК для падачы заявы.

Паплечнікі Ціханоўскага паведамілі ў сваім тэлеграм-канале: „Адмову ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы мы будзем абскарджваць у Вярхоўным судзе. Пры гэтым мы ўсведамляем, што ў нашых рэаліях, дзе няма рэальнай судовай сістэмы, адмову, хутчэй за ўсё, пакінуць у сіле. У сітуацыі, якая склалася, намі прынятае рашэнне падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты жонкі Сяргея — Святланы Ціханоўскай. Падчас кампаніі яна будзе прадстаўляць інтарэсы ўсіх, хто хоча жыць у Краіне для жыцця і падтрымліваў вылучэнне ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага. Узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей”.

Сяргей Ціханоўскі быў адным з 27 „кандыдатаў пратэсту”, якія вылучыліся па ініцыятыве апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, каб даць магчымасць грамадзянам збірацца на перадвыбарных пікетах без пагрозы быць прыцягнутымі да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

belapan.by

Фота nn.by