Жонка Дуды будзе атрымліваць грошы за быццё Першай лэдзі
Жонка прэзыдэнта Польшчы (альбо муж у выпадку, калі ў будучыні кіраўніком краіны будзе выбраная жанчына) будзе атрымліваць зарплату за тое, што зяўляецца Першай лэдзі. Адпаведны законапраект сёння паступіць на разгляд у польскі Сэйм. Закон хутчэй за ўсё будзе прыняты без праблем, таму што ідэю прызначэння зарплата мужу/жонцы прэзыдэнта падтрымлівае як кіруючая партыя, так і апазыцыя.
Ідэя прызначыць зарплату спадарожніку жыцця галавы дзяржавы зьявілася ўжо даўно. Яе прыхільнікі аргумэнтуюць гэта тым, што жонка прэзыдэнта Польшчы звычайна не працуе, паколькі дыпляматычныя справы й дабрачынная дзейнасць не дазваляюць гэтага рабіць з-за адсутнасці часу. А паколькі няма зарплаты, то не плацяцца таксама ўзносы ў сацыяльны фонд, і ў выніку пенсія жонкі лідара будзе меншай. Пры гэтым сума атрымліваецца сурʼёзнай, калі ўзяць пад увагу, што тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у Польшчы складае 5 гадоў (Аляксандар Кваснеўскі займаў пасаду 10 гадоў – два прэзыдэнцкія тэрміны).
Такім чынам, актуальная Першая лэдзі Агата Корнхаўзэр-Дуда будзе атрымліваць максімальна 13 тыс. 540 злотых зарплаты штомесяц (крыху больш за 3 тыс. эўра). Былыя Першыя лэдзі Данута Валэнса, Яланта Кваснеўская й Анна Камароўская, згодна законапраекту, атрымлівалі б 10 тыс. 156 злотых пажыццёвай зарплаты (каля 2 тыс. 300 эўра).
Паводле законаў Польшчы, былыя прэзыдэнты краіны пажыццёва атрымліваюць зарплату ў памеры 20 тыс. 137 злотых (4 555 эўра). Столькі ж атрымлівае і дзеючы галава дзяржавы. Акрамя таго, за былымі лідарамі краіны пажыццёва захоўваецца права на фінансаванне з бюджэту дзяржавы невялікага офісу, аўтамабіля з кіроўцам і аховы.