Жонка Мікалая Статкевіча падала скаргу ў Генпракуратуру



Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч падала ў Генпракуратуру скаргу ў сувязі з тым, што да яе мужа, які адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску, не пускаюць адваката.

Статкевіч быў затрыманы ў Менску 22 верасня каля 15.15 пасля пасяджэння рады Беларускага нацыянальнага кангрэса. Палітык з жонкай і калегамі выйшаў з офіса прафсаюза РЭП на вуліцу, да іх пад’ехаў сіні таніраваны мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі Статкевіча. Пазней высветлілася, што ён знаходзіцца ў ЦІП для адбывання адміністрацыйнага пакарання за ўдзел у акцыі, якая праходзіла ў Менску 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі.

„Два дні адвакат рабіў неаднаразовыя спробы трапіць у ЦІП, тэлефанаваў у дзверы, па тэлефоне дзяжурнаму і начальніку, — паведаміла БелаПАН Адамовіч. — Я таксама спрабавала звязацца з імі. Але даюцца стандартныя адказы, што нікога няма на месцы, што ўсе ў камандзіроўцы, хоць у якой камандзіроўцы можа быць начальнік ЦІП, не ясна”.

У выніку, паведаміла яна, быў „атрыманы дастаткова прамы адказ, што не варта і спрабаваць дамагчыся сустрэчы”. „Відаць, для Статкевіча няма асобнага артыкула ў Канстытуцыі, які гарантуе юрыдычную дапамогу. Я пішу скаргі ўжо нават не столькі для таго, каб атрымаць чарговую стандартную адпіску, колькі для таго, каб тыя, хто піша на іх адпіскі, пачыталі дакументы, на якія я спасылаюся”, — сказала Адамовіч.

Яна таксама паведаміла, што да Статкевіча не дапускалі адваката і падчас мінулага арышту, калі яго затрымалі ў Менску 26 жніўня на пяць сутак за дэманстрацыю бел-чырвона-белага сцяга каля ЦІП у канцы сакавіка гэтага года. „Гэта ўжо такая новая практыка, яна пачалася з вясны, калі адвакатаў перасталі пускаць у ЦІП у сувязі з адсутнасцю свабодных кабінетаў. Гэта было, калі нечакана перад 1 мая арыштавалі Мікалая, гэта было з Вячаславам Сіўчыкам і Уладзімірам Някляевым”, — сказала Адамовіч.

Як паведамлялася, апазіцыйны палітык быў асуджаны завочна 26 верасня яшчэ на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў цэнтры Мінска 8 верасня. Мерапрыемства праводзілася супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” і было прымеркавана да Дня беларускай вайсковай славы, які апазіцыя адзначае ў гадавіну гістарычнай бітвы пад Оршай.

belapan.by