Журналіст Яўген Скрабец распавёў, як яго вербаваў КДБ (абноўлена)



Незалежны журналіст з Берасця Яўген Скрабец  не скарыстаў з прапановы супрацоўнічаць з КДБ. Як паведаміў  актывіст, у час фінальнай размовы ў справе працы дырэктар установы сказаў, што яго працаўладкаванне будзе залежыць ад вынікаў размовы з маладымі людзьмі ў кабінеце галоўнага інжынера аўтобуснага парка «Брэстаблаўтатранс». У гэтым прадпрыемстве Яўген Скрабец хацеў уладкавацца па спецыяльнасці ў сектар турызму.

–  Я зайшоў туды, пачалася вельмі доўгая гутарка. Прапанавалі падпісаць паперкі. Казалі, што гэта на выпадак тэрарызму. Натуральна, што я адмовіўся падпісваць якія-небудзь паперы, хутка выйшаў. Калі вярнуўся да дырэктара гэтага транспартнага прадпрыемства, сказаў, што мне прапанавалі супрацу, але я не пагадзіўся. Дырэктар нічога не сказаў, прамаўчаў, толькі паціснуў руку на развітанне.

Яўген Скрабец скончыў Вроцлаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Турызм і рэкрэацыя” па праграме Кастуся Каліноўскага. Падобныя выпадкі вярбоўкі грамадскіх актывістаў і журналістаў у Беларусі не рэдкасць.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Незалежны журналіст, які супрацуе з Беларускім Радыё Рацыя, Яўген Скрабец з Берасця распавёў, як яго спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ, калі ён імкнуўся ўладкавацца на працу. Размова адбылася ў кабінеце галоўнага інжынэра Аўтобуснага парку № 1 ААТ “Брэстаблаўтатранс”.

240A66AE-BF51-4594-9A87-D9FF155755E9_mw1024_s_n

Вярбоўка

Гэтым аўторкам упершыню займеў непасрэдны кантакт з берасцейскімі чэкістамі. Двое з “канторы” чакалі мяне ў кабінеце галоўнага інжынера Аўтобуснага парку №1 ААТ “Брэстаблаўтатранс”.

Перадгісторыя сустрэчы з імі досыць банальная, але ў той сама час і неспадзяваная. Рэч у тым што цягам ліпеня 2014 году, я спрабаваў уладкавацца на працу ў той сама аўтапарк, у сектар “Турызму, маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці”, ды не проста спецыялістам, а начальнікам вышэйзгаданага аддзелу. Дырэктара прадпрыемства цікавіў не колькі досвед работы ў галіне (у наш час нават з досведам мала хто з былых начальнікаў пагадзіцца ісці ў начальнікі за 4 000 000 бел.руб. заробку), колькі новыя ідэі, здольныя задаволіць кіраўніцтва ды выцягнуць з крызы аддзел турызму. Першая сустрэча з дырэктарам, пасля яго намеснікам па эканоміцы і вось нарэшце прэзентую тройцы (была яшчэ жанчына) свой міні-план развіцця. Паступова насцярожанасць да мяне спала, на тварах з’явілася ўсмешка і пасля 10-хвіліннай гутаркі, параіўшыся, той сама намеснік кажа мне, што магу разлічваць на пасаду. Тэлефаную праз некалькі дзён як было ўмоўлена і тут (увага!) мяне просяць перадаслаць на электронную пошту аўтапарку сваю прэзентацыю, маўляў дырэктар пагартае і ў любым выпадку вырашальнае слова за ім. Даслаў, запрасілі мяне на канчатковую суразмову ў панядзелак, але ў час прыйсці я не здолеў, прыйшлося перанесці сустрэчу на аўторак на 8:30. Аўторак, 8:45, грукаюся ў дзьверы да дырэктара. Пасля вітанняў і ўшчуванняў за спазненне, спадар кажа: – Яўген, наша з табою далейшае супрацоўніцтва залежыць ад размовы з двума людзьмі, якія чакаюць цябе ў суседнім кабінеце (кабінет галоўнага інжынера). Я адразу зразумеў, што гэта за людзі, аднак першая спроба сапраўды ўладкавацца па спецыяльнасці, стварыла ілюзію таго, што малойцы папросту папярэдзяць мяне пра тое,  што работа ў дзяржустанове не мусіць перасякацца з грамадскай ды журналісцкай дзейнасцю… Аднак ілюзіі зніклі як толькі ўвайшоў у памяшканне.

Там сядзелі двое (назавем іх умоўнымі мянушкамі: “Ураган” (чарнявы) і “Вецярок” (той, што памажней). Хлопцы з ходу пачалі дзяліцца досыць багатай інфармацыяй пра маё жыццё за апошні год, кантактах, паездках, дзейнасці, учынках і нават зусім асабістае. У фрывольнай форме гутарка вялася доўга, бадай гадзіну, з перапынкам на перакур (ад гарбаты адмовіўся). Карыстаючыся (як рускія ў Крыму) маім жаданнем расставіць прыярытэты на карысць сумленнай афіцыйнай працы, мякка кажучы нявызначанасцю ў далейшым жыцці ў свае 27 год, “Ураган” з “Вецярком” прапануюць мне заняць пасаду на новай рабоце, наладжваць сваё жыццё, нават выбіць “блок” (жыллё ў панэльным доме) але пры гэтым працягваць займацца грамадскай (не радыкальнай) дзейнасцю. Наўзамен чэкісты, прапануюць быць з імі на “кантакце”, распавядаць пра новыя моладзевыя рухі (якія могуць з’явіцца ў Берасці), “зліваць” (калі я прамовіў гэтае слова, хлопцы сказалі, што я не так іх зразумеў) напрыклад прыезд у Беларусь украінскіх знаёмых, ды шмат чаго яшчэ. Прапанаваныя бонусы раслі (ё#лы, жыццё наладжваецца) і я было ўжо пачаў выкладаць сваё бачанне сітуацыі ды задаваць пытанні, як, “Ураган” кажа: – Але трэба падпісаць паперу пра тое, што я добраахвотна пагаджаюся быць саксотам (сакрэтным супрацоўнікам беларускага КДБ)!

Натуральна, я ўстаў з зэдліка ўзяў свае дакументы са стала ды сказаў: – Sorry ребята, но я такого делать не могу. І выйшаў…

Перакурыўшы, вярнуўся да дырэкатара, адкуль ужо выходзілі гэтыя двое. Кіраўніку прадпрыемства наўпрост паведаміў, што супрацоўнічаць я адмаўляюся і таму апошняе слова за вамі. Дырэктар моўчкі паціснуў руку не кажучы ні “так” ні “не”, мы развіталіся.

“Ураган” і “Вецярок” панура стаялі на прыпынку “Аўтобусны парк”, чакалі грамадскага транспарту. Я, як “шчаслівы” беспрацоўны вырашыў падысці да іх, бо часу было шмат. Двойка заварушылася і “Вецярок” сказаў: – А можа яшчэ перадумаеш? Заўтра ўжо будзеш сядзець ва ўласным кабінеце і курыць цыгарэтку. Глядзі, зараз ты патрэбен нам, але калі мы спатрэбімся табе, можа быць ужо позна. Табе ж 27, трэба будаваць сваё жыццё. І далей, у гэткім духу… “Будаваць жыццё праз “поручительство” ЧК перад дырэктарам? Будучы “пацуком” сярод людзей з якімі меў стасункі апошніх некалькі год? Не.” – адказаў сабе я. “Ураган” і “Вецярок”, не дачакаўшыся аўтобусу, патупалі вырашаць (як зразумеў з размовы) свае побытавыя праблемы: ці то шафу, ці то што замяраць… У нечым, гэтая размова расставіла кропкі над “і”, я зразумеў, што кожны можа быць пад прыцэлам.

Яўген Скрабец

Гісторыя рэальная ў скарочаным (для СМІ) варыянце. У размове з супрацоўнікамі КДБ, закраналася інфармацыя датычная:

-моладзевага атачэння Берасця;

-шэрагу нядаўна з’явіўшыхся культурніцкіх ініцыятываў гораду;

-моладзевых аб’яднанняў Беларусі і Украіны;

-канкрэтных асобаў;

-сродкаў масавай інфармацыі;

-“крышавання” ініцыятываў ды мерапрыемстваў;

-фінансавання “апазіцыі”;

– іншага.

Нагадваю, што згодна з законам “Аб КДБ”, кожная супраца з гэтай структурай палягае толькі на добраахвотнай аснове. Нагляд за дзейнасцю КДБ, ажыццяўляе пракуратура.

01.08.2014