Журналіста Анджэя Пачобута змясцілі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску



Затрыманага 25 сакавіка гродзенскага журналіста і сябра праўлення неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анджэя Пачобута змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Калегі 27 сакавіка перадалі яму перадачу, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пачобут затрыманы па крымінальнай справе, распачатай паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці). Абвінавачванне яму пакуль не выстаўленае, найбліжэйшымі днямі чакаецца допыт.

На сёння за кратамі знаходзіцца ўжо 13 прадстаўнікоў медыя, канстатуе БАЖ.

Раніцай 25 сакавіка ў кватэры Пачобута прайшоў трохгадзінны вобшук. Канфіскаваныя два ноўтбукі, цвёрдыя дыскі, сем старых тэлефонаў, польскамоўная літаратура, бэйджы з канферэнцый, усе дакументы на польскай мове, уключаючы дакументы дачкі, і ўзнагароды польскага конкурсу GrandPress.

Генпракуратура паведаміла, што распачала ў дачыненні да старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў Анжалікі Борыс і „іншых асоб” справу паводле ч. 3 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).

У ведамстве сцвярджаюць, што „грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйназванага саюза”, з 2018 года правялі ў Гродне і Гродзенскай вобласці „шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, што дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”. „Іх дзеянні мелі на мэце рэабілітацыю нацызму, апраўданне генацыду беларускага народа”, — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.

Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Гародні, на наступны дзень суд арыштаваў яе на 15 дзён за арганізацыю 7 сакавіка традыцыйнага свята рамёстваў „Гарадзенскія Казюкі — 2021”. Пасля арышту СПБ заявіў, што „пераслед Анжалікі Борыс за рэалізацыю статутных задач СПБ, а менавіта захаванне польскіх традыцый і культуры сярод польскай меншасці”, з’яўляецца „актам запалохвання ўсёй польскай меншасці ў Беларусі”.

Да 2005 года ў Беларусі існаваў адзін Саюз палякаў. Пасля яго расколу ў краіне дзейнічаюць два саюзы — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць польскія ўлады. Анжаліка Борыс узначаліла неафіцыйны СПБ адразу пасля расколу (да 2010 года і з 2016-га).

belapan.by