Журналістаў недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на выступ Лукашэнкі



Журналістаў TUT.BY, БелаПАН і „Еўрапейскага радыё для Беларусі” не акрэдытавалі на асвятленне штогадовага паслання Аляксандра Лукашэнкі да народа і Нацыянальнага сходу, якое адбудзецца ў пятніцу, 19 красавіка. Каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

– У гэтым ходзе перашкоды журналістам працягваюцца. І не трэба далёка хадзіць – літаральна сёння стала вядома, што не акрэдытаваныя на заўтрашняе “Пасланне прэзідэнта” прадстаўнікі недзяржаўных медыя. Нягледзячы на тое, што дзяржава нібыта дэкларуе роўнасць і свабоду, прадстаўнікам TUT.BY, БелаПАН і „Еўрарадыё” адмовілі. Таму, на жаль, сітуацыя застаецца сумнай.

У прыватнасці, у магчымасці асвятляць мерапрыемства з прэс-цэнтра Палаты прадстаўнікоў адмовілі аглядальніку інфармагенцтва БелаПАН Таццяне Каравянковай і спецыяльнаму карэспандэнту “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Змітру Лукашуку. Між тым, абодва журналісты маюць пастаянную акрэдытацыю для працы ў парламенце. Выступаць Аляксандр Лукашэнка будзе 19 красавіка ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters