Журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік пакінулі Беларусь
Рэдактары сайта незарэгістраванага Саюза палякаў ZnadNiemna.pl, журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік вымушана пакінулі Беларусь з-за пагрозы іх арышту і адабрання з сям’і малалетняга сына, паведамляе reform.by.
Як расказаў сам Анджэй Пісальнік, 14 красавіка яго выклікалі ў пракуратуру Гародні, дзе пракурор заявіў, што яго дзейнасць шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі і ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкуле аб распальванні нацыянальнай варажнечы, а таксама аб рэабілітацыі нацызму.
Прэтэнзіі Пісальніку, па яго словах, прад’яўляліся за яго каментары польскім СМІ пра тое, што дзяржаўныя СМІ Беларусі вядуць шырокамаштабную прапагандысцкую атаку супраць Польшчы і палякаў. Ён таксама параўноўваў пераслед польскіх актывістаў у Беларусі з пераследам палякаў у сталінскую эпоху. Пракуратуры не спадабаліся і выказванні Пісальніка, што праверкі ў цэнтрах навучання польскай мове і збор звестак выкладчыкаў ствараюць атмасферу запалохвання і накіраваныя на тое, каб беларусы менш вывучалі польскую мову.
Па словах Пісальніка, у пракуратуры яго папярэдзілі, што далейшыя падобныя выказванні пацягнуць для яго завядзення крымінальнай справы. На наступны дзень, кажа ён, іх з жонкай сілавікі забралі з дому і адвезлі на допыт у Следчы камітэт у Менску, выключыўшы тэлефоны. 11-гадовы сын пары Марцін пры гэтым застаўся дома адзін без нагляду. Дапытвалі мужа і жонку як сведак па крымінальнай справе Саюза палякаў. Пасля допыту, які доўжыўся цэлы дзень, іх адвезлі назад у Гародню, даўшы зразумець, што іх статус па справе можа змяніцца, кажа журналіст.
Пасля гэтага сям’я вырашыла пакінуць Беларусь, каб пазбегнуць арышту і дзеля бяспекі дзіцяці. Пісальнікі плануюць працягваць падтрымліваць працу сайта.
Раней прадстаўнікі незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава і Ірэна Бярнацкая былі прызнаныя палітвязнямі. Яны былі затрыманыя ў сакавіку і знаходзяцца пад вартай па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб. Акрамя таго, ціску падвяргаюцца польскія адукацыйныя цэнтры, у іх праводзіліся праверкі, а Польская школа ў Берасці была ліквідаваная.
Польскія ўлады абвінавачваюць Беларусь у пераследзе палякаў па этнічнай прыкмеце.
Фота: reform.by