Жыхар Бярозы: Калі пераможам – будзе вялікае свята для краіны
У Бярозе прайшоў другі пікет за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцкія выбары Святлану Ціханоўскую і Сяргея Чэрачаня.
На другім пікеце чарга з жадаючых не стаяла ў параўнанні з першым пікетам, але людзі ўвесь час падыходзілі, кажа валанцер з Пінску Руслан Гусейнаў:
– Нягледзячы на спёку, людзі ў Бярозе актыўна ідуць ставіць свае подпісы. Некаторыя людзі прыходзяць, якія пабачылі пікет, а некаторыя прыязджаюць метанакіравана.
Падпісанты за апанентаў Лукашэнкі жадаюць перамен, яны гатовы галасаваць за любога на выбарах, але толькі не за цяперашняга кіраўніка, які разваліў краіну, кажуць людзі:
– Надакучыла гэта ўсё, што адбываецца. Спадзяюся і веру, што адбудзецца нешта лепшае. І калі адбудзецца, гэта будзе вялікае свята для ўсёй нашай краіны.
– Хочацца чагосьці лепшага. А раптам атрымаецца.
– Ды за каго заўгодна трэба падпісвацца, няхай будзе альтэрнатыва. Колькі гэтаму казлу сядзець тут.
Паводле сяброў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай і валанцёраў гэтай групы, ціск на групу адчуваецца ўвесь час. Асабліва ў Пінску і Ганцавічах. У Ганцавічах прыйшлося тройчы мяняць месца і не па волі міліцыі, а па волі работнікаў Еўраопта, а затым з-за нежадання жанчыны, каб збіралі пад яе вокнамі яе дома.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя