Жыхар Херсона: Увесь горад выйшаў сказаць “НЕ!” расейскаму акупанту



У Херсоне склалася вельмі складаная сітуацыя. СМІ паведамляюць пра тое, што некалькі тысяч херсонцаў выйшла на мірны мітынг „Херсон – гэта Украіна”, а расейскія вайскоўцы пачалі страляць.

На сувязі з Радыё Рацыя – Херсон. Імя і прозвішча нашага суразмоўцы мы не называем у мэтах бяспекі.

Суразмоўца: Так, ёсць такая інфармацыя, ёсць відэа. Па-мойму, стралялі ўсё ж такі ў паветра. Пакуль што не стралялі па людзях.

Сёння важны дзень для Херсона – у нас чарговая гадавіна вызвалення Херсона ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І сёння так атрымалася, што Херсон увесь выйшаў на плошчы, на цэнтральныя вуліцы сказаць „Не!” расейскаму салдату, фашысту, акупанту, як у нас скандуюць людзі зараз. Была спроба стварыць “Херсонскую Народную Рэспубліку” расейскімі сіламі. Але выйшлі тысячы херсонцаў. А з боку рускіх, яны змаглі сабраць некалькіх палітыкаў, якія былі ў часы Януковіча, яны ў Парку славы рабілі ў нас карцінку на камеру са сцягам СССР і з георгіеўскімі стужачкамі, і імкнуліся нешта сказаць. Але калі нашыя людзі пра гэта даведаліся, яны з цэнтральнай плошчы пайшлі ў той бок. І нашыя калабаранты і расейскія салдаты пачалі ўцякаць. Вось такія падзеі ў нас зараз адбываюцца.

РР: Учора было паведамленне, што збіраліся абласныя дэпутаты і яны задэкларавалі, што Херсон – гэта Украіна.  І што не будзе ніякага стварэння “Херсонскай Народнай Рэспублікі”. Ці верыце вы ў тое, што вашыя мясцовыя палітыкі выстаяць?

Суразмоўца: Мы верым у гэта, бо ўсе мясцовыя палітыкі дэкларуюць толькі адданасць Украіне. У нас сцягі ў горадзе – украінскія, і акупанты пакуль не дазваляюць сабе лезці ва ўпраўленне горадам. Ніякія рэферэндумы ў нас не пройдуць. Якія рэферэндумы могуць быць, калі людзі масава выходзяць на мітынгі наўпрост пад дуламі аўтаматаў. І рускія салдаты гэта бачаць. Я думаю, спроба зняць украінскі сцяг ці спроба выкрасці  нашага мэра, або кагосьці з дэпутатаў, ці кагосьці арыштаваць, мне падаецца, прывядзе толькі да паўстання.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа: t.me/inform_resistance