Жыхарку Нясвіжа Наталлю Бордак аштрафавалі за салідарнасць з Украінай



Жыхарку Нясвіжа Наталлю Бордак аштрафавалі за салідарнасць з Украінай. Ёй зноў прысудзілі раней адменены штраф. Нясвіжскі раённы суд абавязаў актывістку заплаціць грошы за плакат «Не пуцінскай вайне з Украінай».

Кажа адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.

– Нечаканасцю было тое, што прысуд быў адменены, улічваючы абсалютную палітызаванасць судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь І пазітыўна быў намі адзначаны гэты крок. Зараз, напэўна, сістэма зноў вярнулася на першасныя рэйкі. І мне здаецца, што цяпер наша абскарджванне будзе адхіленае, гэта звыклая практыка.

24 чэрвеня Менскі абласны суд адмяніў пастанову Нясвіжскага раённага суда ў дачыненні да актывісткі аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Наталлі Бордак. Справа на новы чацвёрты разгляд была накіравана ў раённы суд. 15 жніўня суддзя Цвік прызнаў Наталлю Бордак вінаватай у арганізацыі пікету і зноў прызначыў выплаціць адменены абласным судом штраф у памеры 3 мільёны 750 тысяч рублёў. На працягу 10 дзён Наталля Бордак зноў збіраецца абскардзіць свой прысуд.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя