Жыхары Бярозы: Мы – за новае жыццё



Незалежнай назіральніцы ўчастка №5 у Палацы культуры Таццяне Хілютцы „міласціва дазволілі”  сядзець назіраць за галасаваннем, седзячы ў фае палаца. На адлегласці метраў 25 ад залы, дзе праходзіць галасаванне. Паблізу дзвярэй залы сядзець ці стаяць ёй не дазволілі. Як сказаў міліцыянт, які пільна сочыць за Таццянай, яна замінае таямніцы галасавання, кажа Таццяна Хілютка:

– У 7.43 мне толькі дазволілі паглядзець на апячатванне скрыняў для сённяшняга галасавання. У 7.57 мяне “папрасілі” з участка. Я змагла пастаяць тры хвіліны ля дзвярэй. І ўсё.

Людзей у асноўны дзень галасавання ідзе на выбарчыя ўчасткі, якіх у Палацы культуры два, шмат. Хто з белымі браслетамі на руках, хто без. Але галасавалі яны, каго спыталі, за кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую:

– Прагаласавалі, але гэта сакрэт пакуль.

– Я за Ціханоўскую галасавала. Перамен чакаем.

– За новае. Трэба ўсё мяняць.

– Я ў “Голасе”.

– Мы за новае жыццё. Можа ў новым будзе нешта лепшае.

Пакуль журналістка размаўляла з  людзьмі, пільны дзяжурны на ўчастку міліцыянт  выклікаў нарад міліцыі. Падчас размовы з выбаршчыцай журналістка адчула, што яе бяруць за руку. Міліцыянт з прыехаўшага нараду спытаў, чаму яна тут і што робіць. Выратавала яе званне назіральніцы.

Беларускае Радыё Рацыя