Жыхары Віцебску – супраць інтэграцыі з Расеяй
У цэнтры Віцебску праходзіў збор подпісаў за вылучэнне кандыдаткай у дэпутаты Парламенту прадпрымальніцы, старшыні гарадской арганізацыі АГП Ірыны Яскевіч. Удзельнікі ініцыятыўнай групы выйшлі на перадвыбарчы пікет, прышпіліўшы на адзенне невялікія плакаты з надпісамі “Не – расейскай акупацыі”, “Не – саюзнай дзяржаве” і перакрэсленай датай “08.12.2019”.
У пачатку снежня запланавана чарговая “інтэграцыйная “ сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, да якой прэм’ер-міністры дзвюх краін, Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў рыхтуюць праграму па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расеі.
На думку патэнцыйнай кандыдаткі ў дэпутаты Ірыны Яскевіч, паколькі гэтая праграма нідзе не агучвалася і не абмяркоўвалася з жыхарамі Беларусі, яна можа несці пагрозу незалежнасці краіны:
– Гэтага тэксту нідзе няма, ёсць толькі каментары, і ў іх яўна праглядаецца пагроза незалежнасці для нашай краіны. І калі мне распавядаюць пра расейскія газ і нафту, то я кажу, што трэба брацца за сваю эканоміку, а не чакаць падачак. Каб мы не баяліся за нашых дзяцей і ўнукаў, бо падачкі могуць у любы момант скончыцца. А краіна наша павінна жыць і квітнець, быць незалежнай!
Адзін з мінакоў сарваў плакат “Не – расейскай акупацыі” з адзення сябра ініцыятыўнай групы Ірыны Яскевіч. Свой учынак каментаваць не захацеў і хутка збег. Іншыя мінакі агрэсіі не праяўлялі: нехта праходзіў міма, а нехта адмыслова падыходзіў, каб паразмаўляць. Бо праблема паглынання Беларусі Расеяй стаіць вельмі востра.
– Я літаральна шалею ад таго, што народу нічога не тлумачаць, што будзе далей. А гэта ж Расея! Гэта ўжо страшэнна гучыць для мяне, бо аднойчы мы можам прачнуцца ў зусім іншай дзяржаве! І ўсё, і нас ужо не будзе!
У зборы подпісаў Ірыне Яскевіч дапамагаюць віцебскія ўдзельнікі правацэнтрысцкай кааліцыі з БХД. Усе ўдзельнікі сённяшняй акцыі адзначаюць, што жыхары Віцебску сталі больш актыўна падпісвацца за вылучэнне патэнцыйнай кандыдаткі, бо ўбачылі з яе боку сапраўдны клопат пра будучыню Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск