Жырыноўскі: Хочаце ўнутрырасейскія цэны — будзьце часткай Расеі



Выступаючы ў 4 лютага на 30-м з’ездзе Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі, лідар партыі Уладзімір Жырыноўскі асудзіў палітыку і папрокі Аляксандра Лукашэнкі.

Жырыноўскі, у прыватнасці, параўнаў паводзіны прэзідэнта Беларусі з цялём з расейскай прымаўкі, якое „дзвюх матак смокча”, паведамляе расійская „Парламенцкая газета”.

„Беларускі кіраўнік усё, што можна, высмактаў з Расіі, але мы ўжо кажам: колькі ж можна. Што хоча Лукашэнка? Асобную дзяржаву, але цэны няхай будуць унутрырасійскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашай дзяржавы. І вось сядзіць: дай Расея, дай Еўрасаюз. Як добра”, — сказаў Жырыноўскі.

Пры гэтым ён дадаў, што Расея заўсёды будзе падтрымліваць добрыя адносіны да народаў Беларусі, Украіны, Казахстана і ўсёй Сярэдняй Азіі.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка ў ходзе размовы з журналістамі ў Менску зрабіў некалькі рэзкіх выказванняў у дачыненні да Расеі. У беларуска-расейскіх адносінах, паводле яго слоў, у апошні час „сітуацыя развіваецца няважна”. На думку Лукашэнкі, цяперашняе абвастрэнне адносін, верагодна, звязана з пэўнай насцярогай з расійскага боку, што „Лукашэнка развярнуўся на Захад” і „Беларусь сыходзіць”.

Паводзіны Расеі ў нафтагазавай спрэчцы з Беларуссю Лукашэнка расцэньвае як здзек.

Беларускі кіраўнік таксама абвінаваціў кіраўніка ФСБ РФ у парушэнні міждзяржаўнага пагаднення аб мяжы і даручыў вывучыць магчымасць распачаць крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі.

БелаПАН