Зінаіда Бандарэнка: Адзіны станоўчы момант выбараў – могуць вызваліць Статкевіча



Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка – пра свае чаканні ад выбараў-2015, ролю ў іх улады, апазіцыі і грамадства.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка выказвае сваё меркаванне пра выбары, як простая грамадзянка краіны. Якія ў яе чаканні?

Зінаіда Бандарэнка: Мяркую, што кардынальных вынікаў ад выбараў не будзе – усё застанецца, як і было раней. Мяркуючы па тым, як зараз паводзіць сябе Цэнтрвыбаркам, нічога не зменіцца – празрыстага падліку галасоў не будзе, а значыцца выбіраць будуць за нас.

РР: Але ж прадстаўнікі ўлады заяўляюць, што збіраюцца паказаць Захаду на самай справе дэмакратычныя выбары…

Зінаіда Бандарэнка: Гэта толькі гамонка і абяцанкі – больш нічога. Уладзе неабходны заходнія грошы, і яна імкнецца іх атрымаць. Таму знешне, можа быць, усё пададуць прыстойна, але ўнутранае напаўненне выбараў застанецца старым. Можа быць, я не маю рацыю, але ў мяне такі песімістычны настрой. Хоць мы разлічваем усё-такі абудзіць крыху грамадства і сабраць подпісы ў падтрымку палітвязня Міколы Статкевіча. Адзінае, што можа здарыцца станоўчае падчас выбараў, – гэта яго вызваленне і выхад на волю іншых палітзняволеных. На такі крок улада, думаю, можа пайсці, таму трэба ўсім працаваць менавіта на гэта.

РР: Ці сочыце вы, як рыхтуецца да выбараў беларуская апазіцыя?

Зінаіда Бандарэнка: Сачу, безумоўна, і нават уваходжу ў каманду АГП. Аднак маё асабістае меркаванне – выбары не дадуць грамадству нічога новага. Ды і само наша грамадства настолькі прыбітае, што ўся апазіцыйная мітусня нікога не хвалюе і не ўскалыхне. Калі хто і пойдзе галасаваць, то за тое, каб не было вайны. Мне падаецца, што да апазіцыі даверу ўжо няма. Няма там чалавека, на якога можна зрабіць стаўку. Але кожны вырашае для сябе сам – прымаць удзел у выбарах ці іх ігнараваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя