Зінаіда Бандарэнка: Свабода ва ўсім – вышэй за ўсё!
Ці адбудуцца пасля вызвалення з-за кратаў Міколы Статкевіча ды іншых палітвязняў “ландшафтныя” змены ў палітычным жыцці ды хадзе выбарчай кампаніі, пра што пішуць усе незалежныя СМІ?
У менскім бюро Беларускага Радыё Рацыя пра гэта паразважалі народная артыстка Беларусі, знакамітая тэледыктарка, сябра АГП Зінаіда Бандарэнка, яе аднапартыец, кінарэжысёр, аўтар дакументальнага кіно “Звычйны прэзідэнт” Юрый Хашчавацкі і экс-рэжысёр забароненых уладамі тэлепраграм “Крок” і “Крок-2” Уладзімір Міхарскі. Але пачалі суразмоўцы як з вітання вызваленых, так і з прад’яўлення прэтэнзій сабе і грамадству.
Зінаіда Бандарэнка
Зінаіда Бандарэнка: Мы так доўга чакалі гэтага ВЫЗВАЛЕННЯ! Віншую ўсіх былых палітвязняў з іх стойкасцю, мужнасцю і, канешне ж, Міколу і Марыну. Яе б за яе цярпенне і вернасць мужу – сапраўдная дэкабрыстка (!) – вылучыла б на званне “жанчыны году”!
Юрый Хашчавацкі: З аднаго боку, віншую іх. А з другога – 5 год з жыцця ні за што, ні пра што скрадзенае – незаконна?! За што?! Настае іншы ўзровень размовы – тэмы палітвязняў, зніклых краналі наша грамадства?! Так, улады ва ўласных “тэлерэзерварыях” стварылі ўмовы, каб ты нічога не ведаў і не жадаў нічога ведаць! Але скажыце, жыхары Беларусі, хто вам перашкаджаў праз інтэрнэт пра гэта ведаць ды бараніць Статкевіча, як самога сябе, бо кожны з нас на яго месцы можа апынуцца заўтра?! Вось у АГП у часе збору подпісаў быў вельмі цікавы эксперымент – валанцёрам не плацілі за збор подпісаў. Яны і не сабралі – 52 тысячы! Дарэчы, я высветліў – да прыкладу, у роўнай нам па колькасці насельнікаў Чэхіі на вылучэнне на прэзідэнта патрабуецца ўсяго 10 тысяч подпісаў. Але спадарства – калі ўсіх нашых валанцёрскіх выдаткаў хапае, каб толькі за грошы збіраць альбо, як нейкія, тэлефонны даведнік перапісаць – прабачце, гэта грамадства, што сабе бароніць, змагаецца?! Усё гэта ўжо выліваецца ў абменніках ды каштарысах у крамах. Неабходная супольная апазіцыйная асветніцкая дзейнасць…
РР: Прынамсі, ва ўсіх незалежных СМІ пішуць зараз пра змену лозунгаў, інтанацыі выбарчай кампаніі там, дзе не стаяць за Рыгоравічам, хоць легальна засталася толькі Вольга Караткевіч. Ці магчыма за апошнімі палітычнымі падзеямі і вонкавым імкненнем прызнання Еўропы Аляксандра Лукашэнкі змяненне паліттэлевізійнага “ландшафта” – хоць у тваім фільме, Юрый, ўсе памятаюць яго выраз пра тое, што “за цывілізаваным светам Беларусь не павяду”?!
Юрый Хашчавцкі
Юрый Хашчавацкі: Абсалютна выключана! Усё будзе працягвацца. Дайце веры – ён дзейнічае зараз па прынцыпу Панікоўскага з “Залатога цяля” – я вас куплю, потым зноў прадам, ізноў куплю, але – даражэй! Зараз набярэ новых палітзэкаў за графіці, яшчэ каго-небудзь. На жаль, так – Еўропа напужаная падзеямі ва Украіне, таму не лічаць Беларусь сваёй прэстыжнай справай. Дарэчы, памятую як у 1997, калі закончыў “Звычайнага прэзідэнта” і прэзентаваў яго ў Нью-Ёрку ў прэстыжным Лінкальн-цэнтры на тысячу чалавек, з месцаў чуў – што хвалюецеся, побач цудоўная дэмакратычная Расея, дзе ўжо гаспадарыць буйны бізнес Гусінскага, Беразоўскага і г.д. Я ім адказваў: хлопцы, вы не разумееце! Дыктатура – маленькі, крохкі вірус, што пажырае пры пэўных умовах вялікі арганізм. Між іншым, у Беларусі расейскія “ястрабы” зрабілі мадэль, правялі вопытныя “абкаткі” дыктатуры. Так што нічога не зменіцца – мяняецца ўсё ў абменніках. І трэба, каб людзі зразумелі, што так будзе дагэтуль, пакуль нехта не зменіцца на пасадзе прэзідэнта. Інакш будуць бясконцымі дэвальвацыі, інфляцыі…
Уладзімір Міхарскі
Уладзімір Міхарскі: Што мы бачым на ўсіх каналах? Дваццаць год адзін твар, у адну дуду адна пазіцыя. Там няма прамога эфіру, нібы, ўсе 9 млн грамадзян – аднадумцы. Былі ж заўжды прамысловая, дзіцячая, музычная, навукова-папулярная рэдакцыі, што дазваляла журналістам угрызацца, паглыбляцца ў тэмы, рабіць стваральныя высновы. Цалкам загубілі дакументальнае кіно, якое раней зазвычай прыносіла краіне міжнародныя прафесійныя прызы. А цяпер глядзіш – тры прытопы, два прыхлопы. Тэлемастацтву патрэбна свабода!
РР: Чаму ж Лукшэнка, звышмайстар “ханжаства і хлусні”, што дэвальвуе любую праўду, так баіцца элементарнай свабоды на ТБ?
Зінаіда Бандарэнка: Любая дыктатура баіцца свабоды “адназначна”, як сказаў адзін вясёлы чалавек.
Юрый Хашчавацкі: З дапамогай СМІ яны ствараюць для сябе свой, утульны свет, у які “закратваюць” усё грамадства. Сам з жахам заўважаю, што мы сёння жывём не ў рэальным свеце, а ў тым, які для нас ствараюць на тэлеэкранах. Расея насамрэч навучылася ў нас тэледыктатуры, канешне, развярнуўшыся ва ўсю моц імперыі і грошай. Стварэнне неіснуючага свету ў свядомасці “падначаленых” – звышзадача любога дыктатара, асабліва такіх, як Лукашэнка і Пуцін – апошні ж зараз паміж жыццём і палітычнай смерцю.
Зінаіда Бандарэнка: Але беларусам, цяпер і расейцам, спадабалася жыць ва ўмовах адсутнасці свабоды. Я хацела, каб нашы тэлевізійшчыкі вучыліся зараз не ў Расеі, а ва Украіне. Гэта духоўна прыгожа! Вось учора ідзе канцэрт па каналу “Рада” – апяваюцца “10 запаведзяў Гасподніх” – не забі, не красці! Прыгадалі нават Змітра Гнацюка, якому ўжо за 90! А вышыванкі, нацыянальны каларыт – чаму мы гэта не бяром адтуль, а цягнем не “сваё” з Масквы?!
Юрый Хашчавацкі: Зіна, дарагая, запярэчу. Мы маглі б браць! Але ўкраінскія тэлканалы не з’яўляюцца ўласнасцю выключна дзяржавы – там па некалькі прыватных уласнікаў, а значыць, падстава для свабоды і канкурэнцыі. Там няма адзінага дзяржаўнага кантролю над вяшчаннем! Таму яны адрозныя адзін ад аднаго! Трэба прыбраць манаполію дзяржавы на СМІ! Хопіць ёй і Лукашэнку дзве інфармгадзіны ў тыдзень, каб давесці сваю інфармацыю.
Зінаіда Зінаіда: Так, канешне, свабода вышэй за ўсё – свабода, свабода!
Зінаіда Бандарэнка, Юрый Хашчавцкі ды Уладзімір Міхарскі лічаць, што толькі са зняццем ідэалагічных шораў ды забаронаў з “тэлерэзервацый”, якімі з’яўляюцца дзяржаўныя тэлеканалы, у грамадстве могуць адбыцца рэальныя палітычныя, свядомасныя змены ды нацыянальна-культурнае адраджэнне.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара