Злучаныя штаты хочуць стабільных адносінаў з Беларуссю
Дзеянні афіцыйнага Менска перашкаджаюць нармалізацыі адносінаў са Злучанымі Штатамі. Пра гэта на брыфінгу заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс.
„ЗША заўсёды дамагаліся ўстойлівых і прадказальных стасункаў з Беларуссю з моманту здабыцця ёю незалежнасці ў 1991 годзе. Але пакуль у Беларусі будзе працягвацца тое, чаму мы сталі сведкамі — парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі — нельга весці справы па-ранейшаму”, — прыводзіць яго словы TUT.by. Пры гэтым Прайс згадаў, што ЗША вырашылі аднавіць санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.
Амерыканскі дыпламат падкрэсліў, што ЗША хочуць нармалізаваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, і для гэтага вельмі важна прыбыццё амерыканскай амбасадаркі ў Менск. Амерыканская амбасада ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе, без амбасадара з 2008 года. У 2020-м дзяржавы дамовіліся пра абмен амбасадарамі і прызначылі кандыдатуры. Аднак прызначаны беларускі амбасадар Алег Краўчанка памёр яшчэ да ад’езду ў ЗША. А амерыканская амбасадарка Джулі Фішэр кажа, што не можа прыехаць у Менск, бо ёй не выдаюць беларускую візу.
На днях кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у адказ заявіў, што Менск гатовы прыняць амерыканскую амбасадарку, але хоча загадзя ведаць, як яна плануе працаваць у Беларусі. „Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта”,— адзначыў кіраўнік беларускай дыпламатыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: usembassy.gov