Злучаныя Штаты могуць унесці Расею ў спіс дзяржаў – спонсараў тэрарызму
Дзяржаўны дэпартамент ЗША разглядае магчымасць уключэння Расеі ў спіс дзяржаў – спонсараў тэрарызму, – заявіў прадстаўнік ведамства Нэд Прайс. Пра гэта паведамляе CNN. Паводле агенцтва, пра ўнясенне Расеі ў спіс краін – спонсараў тэрарызму прэзідэнта ЗША Джо Байдэна папрасіў украінскі лідар Уладзімір Зяленскі падчас нядаўніх тэлефонных перамоў.
Цяпер у гэты спіс уключаныя толькі чатыры дзяржавы ‒ КНДР, Іран, Сірыя і Куба. Знаходжанне краіны ў спісе дае прэзідэнту ЗША магчымасці ўвесці дадатковыя санкцыі супраць яе, абмежаваць продаж зброі, адмовіць у эканамічнай дапамозе, або зняць з яе прадстаўнікоў дыпламатычны імунітэт.