Змаганне з карупцыяй – прыярытэтная тэма ў Лукашэнкі
Новыя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра ўзмацненне змагання з карупцыяй выкліканы цэлым комплексам прычын, лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Па-першае, гэта насамрэч змаганне са злоўжываннямі чынавенства. Хаця гэтая тэма заўсёды з’яўлялася прыярытэтнай у Лукашэнкі, але тут было больш папулізму, чым рэальнага змагання.
– Асабліва ў апошнія гады чыноўнікі адчуваюць сябе занадта лагодна, часта лічаць сябе гаспадарамі жыцця. Гэта стварае праблемы для краіны. Таксама гэта стварае праблемы для працаздольнасці прэзідэнцкай вертыкалі. Змаганне з карупцыяй, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, як вядома, – гэта такая тэма, якая карыстаецца папулярнасцю сярод людзей. Я думаю, што тут і пазбаўленне ад баласту, і спроба знайсці дадатковую падтрымку ў грамадстве.
Таксама прыярытэту антыкарупцыйнай тэмы спрыяюць і падзеі ва Украіне. „Лукашэнка таксама хоча пазбавіцца ад ненадзейных кадраў. Недастаткова лаяльных ці ненадзейных з-за сваёй занадта моцнай завязкі на Маскву”, – не выключае Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота inforesist.org