Змены ў законе аб СМІ перад выбарамі – невыпадковыя
Медыйныя эксперты ад пачатку казалі, што невыпадкова перад пачаткам года змены ў законе “Аб сродках масавай інфармацыі” былі ў спешным парадку ўнесены беларускімі ўладамі. Аляксандр Класкоўскі бачыць заканамернасць у тым, што сайт Беларускага Радыё Рацыя атрымаў папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі Беларусі.
– Гэта як тое ружжо: калі ўжо вісіць на сцяне, то абавязкова стрэліць. Цяпер мы чуем гэтыя стрэлы, хоць да выбараў яшчэ далекавата. На жаль, я думаю, што гэта не апошні прэцэдэнт – ліст да Беларускага Радыё Рацыя. Для мяне што яшчэ адметна: выкарыстоўваецца гэтая гумавая фармуліроўка пра інфармацыю, якая здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. І пры жаданні чыноўнік можа любую неўпадабаную інфармацыю, тым больш любую крытыку ўлады падвярстаць пад гэтую фармуліроўку.
Наш сайт атрымаў папярэджанне за подпісам міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч, што ў выпадку паўторнага папярэджання за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі сайт можа быць заблакаваны.
Якія менавіта інфармацыйныя матэрыялы міністэрства лічыць непраўдзівымі – не пазначана. Эксперты і праваабаронцы звязваюць папярэджанне з жаданнем беларускіх уладаў узяць пад кантроль інфармацыйнае поле ў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя