Змітра Казакевіча выклікалі для „сур’ёзнай гутаркі” ў акруговы выбаркам
Кандыдата ў дэпутаты Змітра Казакевіча, актывіста аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), выклікалі для «сур’ёзнай гутаркі» ў акруговую выбарчую камісію Свіслацкай акругі № 94 Менска, паведамляе прэс-служба БХД.
Казакевіч мяркуе, што яго могуць зняць з выбараў за інцыдэнт, які здарыўся ва ўрочышчы Курапаты 3 лістапада.
Кандыдата ў дэпутаты таксама запрасілі на размову назіральнікі ад місіі АБСЕ, якія знаходзяцца ў Менску.
Інцыдэнт здарыўся ўвечары 3 лістапада каля рэстарана «Паедзем паядзім», куды прыйшла група ўдзельнікаў дазволенага ўладамі шэсця з нагоды дня памінання продкаў Дзяды. У іх ліку быў Казакевіч. Актывісты хацелі выказаць пратэст супраць працы рэстарана каля месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Казакевіч паспрабаваў прайсці на тэрыторыю рэстарана, каб раздаць наведвальнікам улёткі і пагутарыць з патэнцыяльнымі выбарцамі. Актывістаў на тэрыторыю не пускалі, аднак калі вароты адчыніліся і яны змаглі ўвайсці, ахоўнікі пачалі іх выштурхоўваць. Затым зʼявіліся два ўчастковыя міліцыянеры, а ўслед за імі – шэры мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. «Адтуль выскачылі невядомыя, заштурхалі нас усіх у гэты бусік. І ўсю дарогу ад гэтага рэстарана і да Бараўлянскага РАУС білі нас нагамі, скакалі па нас», – паведаміў Казакевіч.
У РАУС у дачыненні да чатырох актывістаў склалі пратаколы на падставе артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП. На наступны дзень ім прысудзілі адміністрацыйныя штрафы. Казакевіч быў адзіным, каго не судзілі.
Акрамя Казакевіча ў акрузе № 94 балатуюцца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў карʼерны дыпламат Валерый Варанецкі, галоўны рэдактар «БелГазеты» Кірыл Жываловіч, а таксама два беспартыйныя кандыдаты – кухар-сушыст і дырэктар сярэдняй школы № 51.