Зміцер Антончык: Дзіўна, што дасюль Рыгору Кастусёву не далі статус палітвязня
Вязні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўтрымліваюцца ў цяжкіх умовах. Гэта тычыцца і старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які больш за паўгода знаходзіцца ў СІЗА КДБ, так званай “амерыканцы”. Пра сітуацыю палітыка і стан яго здароўя пагаворым з нашым сённяшнім госцем, грамадскім актывістам са Шклова, зяцем Рыгора Кастусёва Змітром Антончыкам.
РР: Пагаворым пра Рыгора Кастусёва, пра яго справу. Прыгадаю, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, быў затрыманы сёлета 12 красавіка. Тады мы яшчэ не ведалі ніякіх акалічнасцяў справы. Толькі праз 10 дзён, 22 красавіка, стала вядома, што і Рыгор Кастусёў, і палітолаг, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, і юрыст Юрый Зянковіч абвінавачваюцца „ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”. Вось такая фармулёўка гэтага крымінальнага артыкулу. Ужо больш за паўгода прыйшло з гэтых падзеяў. Калі казаць пра самую справу, у межах якой павінны адбывацца нейкія следчыя дзеянні, што адбываецца?
Зміцер Антончык: На колькі мы ведаем з лістоў, якія даходзяць да сваякоў і да сяброў, з Рыгорам Кастусёвым ніякія следчыя дзеянні не праводзяцца ўжо больш за чатыры месяцы. Ён проста сядзіць і не ведае, што там будзе далей. Ён спрабаваў, паколькі следчыя дзеянні не вядуцца, напісаць хадайніцтва пра змену ўтрымання, каб перайсці на хатні арышт. Была адмова. Але надалей следчае дзеянне не працягваецца і нічога не робіцца.
РР: То бок, не адбываецца нічога. Адвакат, на колькі я ведаю, знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. І ад яго ніякай інфармацыі няма.
Зміцер Антончык: Мы разумеем, што ў гэтай сітуацыі, калі даць інфармацыю, то можна згубіць ліцэнзію.
РР: А спадар Рыгор у гэтым выпадку згубіць адваката. Але калі размова вядзеце з адвакатам, то якую ўвогуле інфармацыю адвакат мае права казаць? Ці ён увогуле не мая права казаць нічога?
Зміцер Антончык: Справа ў тым, што я з адвакатам не кантактую. Кантактуе дачка Рыгора Кастусёва. Таму я не ведаю падрабязнасці размоваў. Можа там ён нешта паведамляе, што нам не перадаюць. Можа быць. Я не ведаю. Мы значна больш даведаемся з лістоў.
РР: Цяпер многія палітвязні кажуць, што ёсць магчымасць праз мэсэнджэры камунікаваць. Даецца перыядычна магчымасць званіць. Рыгор Кастусёў меў такія магчымасці?
Зміцер Антончык: Я сумняюся, што ў СІЗА КДБ існуе такая магчымасць. Можа ў іншых СІЗА яна і ёсць. Але ў „амерыканцы” дакладна не. Лісты прыходзяць даволі часта. Але быў перыяд, звязаны з каронавірусным каранцінам у іх камеры, то тады быў невялікі перапынак.
РР: Я разумею, што ліставанне з сям’ёй – гэта такая прыватная справа, але прынамсі тое, што маглі б сказаць, які агульны настрой гэтых лістоў цяпер.
Зміцер Антончык: Пакуль настрой вельмі цяжкі. Ён шмат піша пра стан свайго здароўя. Скардзіцца, што вельмі дрэнна. І нават калі піша ўнукам, усё роўна піша пра здароўе. Можна ўявіць стан чалавека, які нават унукам пра такое піша.
РР: Пра стан здароўя Рыгора Кастусёва маем шмат цяжкіх інфармацый. І анкалогія пад пытаннем. І перажыты каронавірус. І пазней была інфармацыя, што праблемы з ныркамі.
Зміцер Антончык: Пра анкалогію інфармацыя ўскладняецца тым, што робяцца розныя аналізы, але вынікі яму не паведамляюць. Трымаюць чалавека ў напружанні. Пра каронавірус. У яго было дзве прышчэпкі, напэўна, расейскай вакцынай. А калі пачалі даваць лекі, то ў яго ўзніклі праблемы з ныркамі. Калі б не моцны стан здароўя Рыгора Кастусёва, то іншы чалавек даўно мог адысці ў іншы свет. Ён трымаецца толькі на гэтым ранейшым запасе.
РР: Перад нашай размовай я паглядзела спіс палітвязняў. Там больш за 800 прозвішчаў, але Рыгора Кастусёва надалей няма. Як вы да гэтага адносіцеся?
Зміцер Антончык: Я сам меў дачыненне да праваабарончага руху. І шмат знаёмых у мяне там. Мне патлумачылі чаму так, але я лічу, што можна было б надаць гэты статус. Праваабаронцы спасылаюцца на тое, што артыкул, па якім абвінавачаны Рыгор Кастусёў, прадугледжвае гвалтоўныя дзеянні. Але людзі, якія прымаюць гэтае рашэнне, яны добра ведаюць спадара Рыгора, што гэта за чалавек, які не ўпісваецца ў нейкую канцэпцыю гвалтоўных дзеянняў. Таму я лічу, што, канечне, можа было даць гэты статус. І дзіўна, што гэта не зроблена. Яны чакаюць, калі справа будзе перададзена ў суд.
Цалкам размова:
Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя