Зміцер Бандарчук: Будзем змагацца далей



Кампанія “Гавары праўду” будзе працягваць спробу рэгістрацыі кандыдата Сяргея Мякекі (на фота). Прадстаўнікі кампаніі вылучалі ў Гародні двух кандыдатаў – Сяргея Двурэчанскага і Сяргея Мякеку. Хлопцы збіралі подпісы па кватэрах, стаялі на пікетах. Аднак аднаго з іх зарэгістравалі, а другі не быў зарэгістраваны з-за нібыта несапраўднай копіі працоўнай кніжкі.

Кажа Зміцер Бандарчук, кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” па Гарадзеншчыне:

– Ніякай віны Сяргея Мякекі няма ў тым, што ён падаў гэтую копію ў такім выглядзе. Ён запрасіў гэтую копію ў працадаўцы. У такім выглядзе яму яе і далі. Увогуле, выбарчае заканадаўства не патрабуе ніякага завярэння гэтай працоўнай кніжкі. А камісія спасылаецца на інструкцыю аб справаводстве. Увогуле не зразумела, чаму гэтая інструкцыя мае большую юрыдычную сілу за выбарчы кодэкс.

Прадстаўнікі кампаніі ўжо спрабавалі абскардзіць гэтае рашэнне ў абласной выбарчай камісіі, аднак не дамагліся рэгістрацыі Сяргея Мякекі кандыдатам. У бліжэйшыя дні прадстаўнікі “Гавары праўду” збіраюцца абскарджваць рашэнне аб нерэгістрацыі ў абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня