Зміцер Бандарэнка: Палякам можна толькі пазайздросціць
„Польшча – гэта сэрца Еўропы, Польшча – гэта душа Еўропы”, палякі як прыклад для іншых народаў – такія словы гучалі ў публічнай прамове прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пасля ўдзелу ў варшаўскім Саміце Ініцыятывы Трохмор’я, гаспадар Белага Дома накіраваўся да натоўпу, што сабраўся на плошчы Красіньскіх.
Выступ Дональда Трампа ў Варшаве ўжо можна лічыць гістарычным, мяркуе каардынатар кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка. Палітык падкрэслівае, што яшчэ ніводзін прэзідэнт ЗША не меў такой бліскучай прамовы ў Польшчы, а польскі народ яшчэ ніколі не атрымліваў столькі пахвалаў ад кіраўнікоў чужых дзяржаваў:
Я магу толькі зайздросціць палякам. Сапраўды, гэта велізарны поспех сённяшняга ўраду Польшчы, велізарны поспех польскай дыпламатыі. Гэты візіт быў у пэўнай ступені нечаканы. Да Трампа, падаецца, усе прэзідэнты Штатаў былі ў Польшчы, але гэты выступ, не ведаю, ці гэта з дапамогай тэхнічных сродкаў, ці сапраўды, настолькі вялікі аратар, але гэта быў гістарычны выступ. Можна казаць, што Трампу трэба заплаціць за прамоцыю Польшчы, бо гэта быў прафесійны выступ прафесійнага гісторыка.
РР: Эксперты таксама казалі, што складана ўзгадаць такі выступ, каб прэзідэнт адной краіны з такімі эпітэтамі хваліў іншы народ.
Зміцер Бандарэнка: Таму я і кажу, што гэта поспех Польшчы, якому мы, беларусы, можам толькі зайздросціць. Хаця, можна сказаць, што апошнія саміты і прыезды амерыканскіх прэзідэнтаў (летась тут быў Абама) яны ўсё роўна ў вялікай ступені звязаны з Беларуссю і з тымі падзеямі, якія адбываюцца ў нашай краіне.
РР: Трамп падчас прамовы сапраўды шмат удзяліў увагі гісторыі. Падчас прамовы прэзідэнт ЗША абвінаваціў Савецкую армію ў тым, што яна не дапамагла Варшаўскаму паўстанню, а стаяла на іншым беразе Віслы, быў ясны і выразны антысавецкі акцэнт. Але падчас выбарчае кампаніі Трамп цягацеў у бок Масквы?
Зміцер Бандарэнка: Зараз таксама ён нічога такога антырасейскага не сказаў. Трохі дысанансам у яго прамове быў зварот да Расеі – далучыцца да краінаў цывілізаванага свету. А калі казаць пра Беларусь, то ўвогуле, мне здаецца, што краіны Цэнтральнай Еўропы, у першую чаргу Польшча, краіны Балтыі павінны паставіць помнік Лукашэнку, таму што Лукашэнка з’яўляецца такім адмоўным прыкладам, як не трэба чыніць…
РР: Вы кажаце пра адмоўны прыклад, а сапраўды, Беларусь была ўзгадана падчас сустрэчы Ініцыятывы Трохмор’я толькі адзін раз, і тое, гэта прагучала са словаў прэзідэнта Дуды, што ён паведаміў Трампу пра тое, што ў Беларусі будуць расейскія вучэнні „Захад-2017”. Пра нашу краіну нічога не было непасрэдна сказана, хаця, здавалася б, сваякі Трампа маюць беларускае, беларуска-габрэйскае паходжанне.
Зміцер Бандарэнка: Думаю, што і Польшча і краіны Балтыі маюць быць удзячнымі Лукашэнку, таму што дзякуючы яму гэтыя краіны ўступілі і ў НАТО, і ў Еўразвяз. Увесь час яны казалі: „Глядзіце, тут ёсць пагроза, ёсць маньяк-дыктатар, а ён яшчэ і расейскі сатрап”. Хаця дыпламаты асобных краінаў апошнім часам кажуць, што Лукашэнка стаў лепшым, насамрэч, яны выкарыстоўваюць фактар Лукашэнкі зноў жа, каб атрымаць дывідэнты, каб атрымаць новыя фінансавыя рэсурсы, каб правесці мадэрнізацыю арміі і г.д.
Падчас прэс-канферэнцыі Беларусь гучала двойчы менавіта як вучэнні „Захад-2017”, ну і мы ведаем, што Даля Грыбаўскайтэ, прэзідэнт Літвы, у сваім выступе на саміце краінаў Трохмор’я таксама скардзілася на тое, што з Беларусі сыходзіць пагроза за кошт яе прарасейскіх сувязяў і асабліва выдзеліла атамную станцыю. І можа, гэта трошкі жарт, што Лукашэнка з’яўляецца лабістам гэтых краінаў, але насамрэч, нашыя суседзі гэтым скарысталіся. Адзінае, што рэальная пагроза сыходзіць, і гэта ўжо відавочна, і вайскоўцы краін NATO гэта цудоўна разумеюць, і для гэта ў Эстоніі будуць размешчаны самалёты F-35, гэта і дадатковыя батальёны, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы і краінах Балтыі. Таксама зараз заключана пагадненне ў пастаўках ракет «Патрыёт» для Польшчы, а падчас вучэнняў „Патрыёты” могуць быць размешчаны на тэрыторыях краінаў Балтыі. Таму я хачу сказаць, што фактар Беларусі, фактар памылковай і шкоднай для нацыянальных інтарэсаў палітыкі, якую праводзіць беларускі дыктатар, гэты фактар вельмі гучаў нават падчас гэтага візіта Трампа.
Нагадаем, што ў чацвер у польскай сталіцы прайшоў Саміт Ініцыятывы Трохмор’я, куды і быў запрошаны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Апроч гаспадара Белага Дома ў форуме бралі ўдзел кіраўнікі 12 краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, якія абмяркоўвалі будучыню рэгіёну. Беларусь жа, на жаль, гучала на гэтым сходзе толькі як пострах. Наша краіна была ўзгадана ў межах абмеркавання расейскіх вучэнняў „Захад-2017” і патэнцыйнай небяспекі запуску АЭС у Астраўцы.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя