Зміцер Бандарэнка: Візіт Вашчыкоўскага не будзе станоўча ацэнены



У Менску чакаюць візіта міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. Гэта першы з 2010 года візіт кіраўніка польскай дыпламатыі ў Беларусь.

gi-18186-91426-big

Зміцер Бандарэнка (Фота charter97.org)

Каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка паведаміў, што на сустрэчы беларускай грамады Варшавы з Вітальдам Вашчыкоўскім праінфармаваў міністра, што яго візіт не будзе ўспрыняты пазітыўна:

– Тут нядаўна адбылася сустрэча спадара Вашчыкоўскага з беларусамі Варшавы. Гэтую сустрэчу я б адзначыў станоўча, таму што вельмі цешыць, што міністр замежных спраў Польшчы вырашыў напярэдадні візіта паразмаўляць з беларусамі, большасць з якіх вымушана была з’ехаць з Беларусі па палітычных прычынах. На гэтай сустрэчы былі таксама намеснікі міністра, і кіраўнікі дэпартаментаў. І я папярэдзіў пана міністра, што гэты візіт не будзе, на маю думку, станоўча ацэнены дэмакратычнымі коламі Беларусі, таму што гэта несправядліва, калі людзі, якія арганізоўвалі катаванні беларускіх апазіцыянераў, кандыдатаў у прэзідэнты выведзены зараз са спіскаў санкцыйных, і з імі сустракаюцца прадстаўнікі Захаду, а палітвязні нават не рэабілітаваны ў правах. А сёння яшчэ падвяргаюцца новым рэпрэсіям у выглядзе штрафаў.

Гэта маё перакананне таксама, што я не вельмі вітаю гэты візіт, але міністр патлумачыў, што Польшча мусіць як суседка мець пэўныя стасункі з беларускімі ўладамі, хаця ён пазначыў, што ілюзій у адносінах да Лукашэнкі і яго рэжыму няма.

РР: Ёсць такі аргумент, што Лукашэнка Лукашэнкам, але стасункі нават з дыктатарам павінны быць дзеля падтрымкі дзяржаўнасці Беларусі.

Зміцер Бандарэнка: Я ведаю факт, што падчас т.зв. “лібералізацый” у Беларусі забівалі людзей. Так было падчас мядовага перыяда з АБСЕ, калі ў Беларусі працавала місія, якую ўзначальваў спадар Вік, і ў той час былі забітыя лідары беларускай апазіцыі, памёр спадар Карпенка, знік і быў забіты журналіст Зміцер Завадскі. Потым, падчас лібералізацыі ўмоўна 2008-2010 гг. Перад самымі выбарамі быў забіты наш таварыш Алег Бябенін, таксама журналіст. Лібералізацыя заканчваецца, у гэты час знікаюць ці паміраюць вельмі важныя людзі, а потым прыходзіць час рэпрэсій.

У мяне тут няма ілюзій наконт Лукашэнкі. Лукашэнка – гэта серыйны забойца, серыйны злачынца, ён не можа дзейнічаць іначай, і я папрасіў нават міністра Вашчыкоўскага ўзняць пытанне пра вызваленне эканамічных вязняў, таму што выпушчаныя на волю зараз палітычныя. Па маіх падліках з лета ў турмы было адпраўлена недзе 300 чалавек, прадстаўнікоў дырэктарату, чынавенства і бізнэса, якія сядзяць цяпер у “Амерыканцы”, у іншых турмах у вельмі складаных умовах. Пра якую лібералізацыю можна казаць, калі вызвалілі некалькі палітычных, і пасадзілі 300 эканамічных.

РР: Некаторыя беларускія палітыкі лічаць, што ў турмах надалей застаюцца палітвязні. Маю на ўвазе Міхаіла Жамчужнага і Андрэя Бандарэнку. А як да гэтага ставіцца “Еўрапейская Беларусь”?

Зміцер Бандарэнка: Мы лічым Жамчужнага палітвязнем гэтак сама, як “Вясна”. Бандарэнку жадаю хутчэй выйсці на волю, але, думаю, у яго іншы статус.

Адам Завальня Беларускае Радыё Рацыя