Зміцер Дашкевіч пастаўлены на прафілактычны нагляд
Былы палітзняволены, сустаршыня Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч пастаўлены на прафілактычны нагляд. Раней ён знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам, які быў з яго зняты. Але пабыў вольным маладафронтавец толькі некалькі дзён.
Па словах Дашкевіча, прафілактычны нагляд больш мяккі, чым прэвентыўны.
– Можна ўжо выязджаць за межы кальцавой, мажліва нават за межы Беларусі, але ёсць такія недарэчныя патрабаванні, што павінен папярэджваць пры змене месца працы, калі з’язджаеш больш, чым на месяц. І пры трох адміністратыўных правапарушэннях будзе зноў прэвентыўны нагляд. Калісьці за парушэнне такога нагляду пасадзілі ў турму маладафронтаўца Яроменку. У яго быў прафілактычны нагляд, потым за парушэнне далі прэвентыўны, а потом – з прэвентыўнага ў турму.
Зміцер Дашкевіч лічыць, што ўсталяванне за ім прафілактычнага нагляду выклікана перастрахоўкай перад прэзідэнцкай кампаніяй ці занадта вялікай службовай стараннасццю асобных кіраўнікоў міліцыі і спецслужбаў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя