Зміцер Дашкевіч супраць амапаўцаў (абноўлена)
У Менску адбыўся суд над грамадскім актывістам Змітром Дашкевічам. Суд палічыў яго вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі і пакараў штрафам у 45 базавых велічыняў, а таксама штрафам у 10 базавых за супраціў супрацоўнікам міліцыі, паведамляе „Белсат”.
16 лістапада ў судзе Партызанскага раёна Менска праходзіць суд над лідарам „Маладога фронту” Змітром Дашкевічам за ўдзел у акцыі пратэсту 7 лістапада на цырымоніі адкрыцця помніка Леніну.
Прысуд будзе агучаны ў 12:30.
Як паведамляе „Наша ніва”, Зміцер Дашкевіч са сваімі паплечнікамі ўжо пакінуў залу суда і збіраецца ехаць на суд над Уладзімірам Кондрусем. Зміцер Дашкевіч: „Судзяць мяне сёння за акцыю 7 лістапада, калі адкрывалі помнік Леніну, мы выйшлі пратэставаць. Было складзена тры пратаколы: несанкцыянаваная акцыя, хуліганства і супраціўленне міліцыі. Адзін пратакол быў накіраваны на дапрацоўку.
Сёння я добраахвотна прыйшоў на суд упершыню за 10 гадоў. Я хачу сустрэцца з гэтымі людзьмі (амапаўцамі, якія затрымлівалі Дашкевіча), запісаць іх імёны. Натуральна, я не спадзяюся, што ў гэтай краіне адзін злодзей пакарае іншага злодзея. Але для будучыні застануцца гэтыя дакументы. І калі ўжо не звяртаць увагі на такія брутальныя затрыманні, праявы садызму, то гэта будзе працягвацца і з палітычнымі актывістамі, і з любымі іншымі людзьмі. Каб такое паўтаралася як мага менш, я і ўдзельнічаю ў сённяшнім судзе”.