Зміцер Казакевіч пазбаўлены рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты



Кандыдата ў дэпутаты, актывіста аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Змітра Казакевіча пазбавілі рэгістрацыі і знялі з выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта ён паведаміў у відэазвароце на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» 5 лістапада пасля размовы з членамі акруговай выбарчай камісіі Свіслацкай акругі № 94 Менска.

Паводле слоў Казакевіча, за пазбаўленне статусу кандыдата ў дэпутаты камісія «прагаласавала аднагалосна». «Усё да гэтага ішло, было відаць, што гэта абсалютна спланаванае рашэнне. Усе мае прагнозы апраўдаліся», – сказаў ён.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў пракаментаваў, што аргкамітэт партыі будзе абскарджваць гэта «цалкам беззаконнае рашэнне». «Камісія ставіла ў віну Казакевічу правядзенне агітацыі нібыта ў працоўны час, хоць закон не прадугледжвае, што на гэты час кандыдат павінен браць адпачынак. Таксама ставілі ў віну дэбаты з маім удзелам, дзе я выступаў яго даверанай асобай. Акрамя таго, паставілі ў віну эпізод у Курапатах 3 лістапада, дзе яго жорстка збілі. Замест таго каб стаць на абарону кандыдата ў дэпутаты, камісія зняла яго з выбараў. Поўнае беззаконне. Улады робяць сёння ўсё, каб дыскрэдытаваць сябе яшчэ больш», – заявіў палітык.

Інцыдэнт у Курапатах адбыўся ў нядзелю ўвечары каля рэстарана «Паедзем паядзім», куды прыйшла група ўдзельнікаў дазволенага ўладамі шэсця з нагоды дня памінання продкаў Дзяды. У іх ліку быў Казакевіч. Актывісты хацелі выказаць пратэст супраць працы рэстарана каля месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Казакевіч паспрабаваў прайсці на тэрыторыю рэстарана, каб раздаць наведвальнікам улёткі і пагутарыць з патэнцыяльнымі выбарцамі. Актывістаў на тэрыторыю не пускалі, аднак калі вароты адчыніліся і яны змаглі ўвайсці, ахоўнікі пачалі іх выштурхоўваць. Затым з’явіліся два ўчастковыя міліцыянеры, а ўслед за імі – шэры мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. «Адтуль выскачылі невядомыя, заштурхалі нас усіх у гэты бусік. І ўсю дарогу ад гэтага рэстарана і да Бараўлянскага РАУС білі нас нагамі, скакалі па нам», – паведаміў Казакевіч.

У РАУС у дачыненні да чатырох актывістаў склалі пратаколы па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП. На наступны дзень ім прысудзілі адміністрацыйныя штрафы. Казакевіч быў адзіным, каго не судзілі.

БелаПАН