Зміцер Кучук: Еўразвязу варта прапанаваць Беларусі кампенсацыю за БелАЭС
Карэспандэнт Радыё Рацыя і старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук абмяркоўваюць праблемы вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС.
РР: Днямі Беларусь наведала дэлегацыя Еўрапарламента. У яе складзе быў дэпутат Еўрапарламента ад Літвы, пастаянны дакладчык Еўрапарламента па справах Беларусі Пятрас Аўштравічус. У Менску ён выступіў з рэзкай крытыкай адносна будаўніцтва ў 45 кіламетрах ад сталіцы Літвы Вільні атамнай электрастанцыі. Ён назваў гэтую праблему самым вялікім каменем на шляху развіцця адносінаў Беларусі не толькі з Літвой, але і з усім Еўразвязам. Вы згодныя з такой пазіцыяй?
Зміцер Кучук: Еўрапейскі звяз будзе, канешне, патрабаваць закрыцця атамнай станцыі. Гэта відавочна. Гэта пазіцыя прадстаўніка Літвы. І я думаю, што многія дэпутаты Еўрапарламента з “зялёных” прытрымліваюцца гэтай пазіцыі. Гэтая кампанія, якую распачалі літоўцы супраць будаўніцтва АЭС, будзе накіравана на еўрапейскіх грамадзян, якія будуць узнімаць тэму беларускай атамнай станцыі. І можа так здарыцца, пакуль пра гэта гавораць кулуарна, што Еўрапейскі звяз прапануе кампенсацыю для беларускага боку, каб гэтую станцыю не ўводзілі ў эксплуатацыю. Такія размовы вядуцца. Пакуль гэта не пацверджаная інфармацыя, але, у любым выпадку, такая верагоднасць існуе.
РР: Але кампенсацыя павінна быць вельмі вялікай, бо на будаўніцтва былі скарыстаныя вялікія сродкі.
Зміцер Кучук: Пра сумы пакуль складана гаварыць, у любым выпадку, гэта тыя грошы, якія ўсё ж такі можна знайсці ў еўрапейскіх краінах для таго, каб не ўводзіць станцыю. Таму што далейшае развіццё сітуацыі можа быць непрадказальным з пазіцыі бяспекі, і Еўразвязу тады давядзецца шукаць значна большыя грошы, калі раптам надарыцца якая сур’ёзная праблема, каб ліквідаваць наступствы. Таму лепш зараз заплаціць, чым затым вырашаць, як мінімізаваць наступствы. Можа значна прасцей кампенсаваць Беларусі гэтыя страты.
РР: І тут можна згадаць, што ў Літве Ігналінская АЭС працавала як раз на мяжы з Беларуссю.
Зміцер Кучук: Так. І калі Літва падала заяўку на ўступленне ў Еўразвяз, як раз патрабаваннем Еўразвяза было закрыццё Ігналінскай АЭС. Гэта было ў павестцы дня літоўска-еўрапейскіх адносінаў.
РР: З іншага боку, калі Беларусь не запусціць АЭС, гэта можа канчаткова падарваць яе адносіны з Расеяй.
Зміцер Кучук: Не думаю. Гэта не адносіны паміж краінамі, гэта адносіны на ўзроўні, можа быць, Міністэрства энергетыкі і Росатама. Зразумела, што гэта, у пэўным сэнсе, палітычнае рашэнне. Але ведаючы, як фармуецца бюджэт Росатама, то я не сказаў бы, што адна атамная станцыя можа пераважыць усе адносіны з Расейскай Федэрацыяй.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя